ГЕАРГІ́ЕЎ Кіман
(11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),
дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).
т. 5, с. 122
ГЕАРГІ́ЕЎ Уладзімір
(3.2.1908, с. Габарэ, Балгарыя — 14.7.1986),
балгарскі мовазнавец, спецыяліст у галіне індаеўрап. і параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Балг. АН (1952). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). З 1948 праф., у 1951—56 рэктар Сафійскага ун-та, з 1972 дырэктар цэнтра мовы і літаратуры Балг. АН. Аўтар даследаванняў пра стараж. індаеўрап. мовы «Індаеўрапейскія гутураліі» (1932), «Прагрэчаскае мовазнаўства» (т. 1—2, 1941—45), «Праблемы мінойскай мовы» (1953), «Слоўнік крыта-мікенскіх надпісаў» (1955), «Даследаванні па параўнальна-гістарычным мовазнаўстве. Роднасныя адносіны індаеўрапейскіх моў» (1958), «Фракійцы і іх мова» (1977). Праблемам слав. мовазнаўства прысвечаны працы «Пытанні балгарскай этымалогіі» (1958), «Балгарская этымалогія і анамастыка» (1960), «Вакальная сістэма ў развіцці славянскіх моў» (1964), «Асноўныя праблемы славянскай дыяхроннай марфалогіі» (1969), «Праблемы балгарскай мовы» (1985). Прэмія імя Дзімітрова 1951, 1969.
А.А.Кожынава.
т. 5, с. 122
ГЕАРГІ́У
(Georgiu) Георгій Канстанцінавіч (н. 30.3.1922, г.п. Вулканешты, Малдова),
малдаўскі пісьменнік. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1956). Першая кніга апавяданняў і аповесцей «Пачатак вясны» (1955) пра жыццё пасляваен. калгаснай вёскі. Аўтар зб-каў «Дарогі і сцяжынкі» (1958), «З усімі разам» (1960), «Тварам да людзей» (1966), аповесці «Вялікая Мядзведзіца» (1969), раманаў «Цяплынь зямлі» (1965) і «Веснавы снегапад» (1974), кніг для дзяцей («Калыханка», 1958; «Капітаны «Маланкі», 1964, і інш.). У яго творах надзённыя праблемы сучаснасці, моладзі. На бел. мову творы Геаргіу пераклалі А.Васілевіч, Я.Каршукоў.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Гронкі радасці. Мн., 1986.
т. 5, с. 122
ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ
(Gheorghiu-Dej) Георге (8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл. Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМ Рум. Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).
Тв.:
Рус. пер. — Статьи и речи. Т. 1—2. М., 1956.
т. 5, с. 122
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ
(ад геа... + сінкліналь),
буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).
т. 5, с. 122
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
геасінкліналь, выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).
М.А.Нагорны.
т. 5, с. 122
ГЕАСІСТЭ́МА,
геаграфічная сістэма, цэласнае мноства ўзаемазвязаных, узаемадзейных і ўзаемазалежных кампанентаў геаграфічнай абалонкі. Тэрмін увёў сав. вучоны В.Б.Сачава ў 1960-я г. Паняцце «геасістэма» выкарыстоўваецца для вызначэння складаных геагр. утварэнняў, якія ўключаюць прыродныя, гасп., дэмаграфічныя, сац.-эканам. і тэхнагенныя элементы, а таксама ўсіх аб’ектаў галін ведаў і навук, якія займаюцца вывучэннем Зямлі.
В.С.Аношка.
т. 5, с. 122
ГЕАСТАЦЫЯНА́РНАЯ АРБІ́ТА,
кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.
т. 5, с. 122
ГЕАСТРАТЭ́ГІЯ
(ад геа... + стратэгія),
разгляд значэння прыроднага асяроддзя ў дачыненні да праблемы экалагічнага, эканоміка-паліт. дабрабыту, пераважна ў міжнар. маштабе.
т. 5, с. 122
ГЕАСФЕ́РЫ
(ад геа... + сфера),
абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.
т. 5, с. 122