і́ней, ‑ю, м.
Від атмасферных ападкаў: ледзяныя крышталікі, якія ўтвараюцца ў выніку ахаладжэння вадзяной пары ў ясныя і ціхія ночы і асядаюць тонкім слоем на глебе, дрэвах і інш.; параўн. шэрань. Днём яшчэ цёпла, а ночы — золкія.., і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ. Пад раніцу ўжо браліся замаразкі, трава і лісце кустоў пакрываліся шараватым інеем. Паслядовіч.
інерва́цыя, ‑і, ж.
Забяспечанасць якога‑н. органа або тканкі нервовымі клеткамі і валокнамі. Інервацыя сэрца.
[Ад лац. in — у і nervus — нерв.]
іне́ртнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць інертнага (у 2 знач.); бяздзейнасць, пасіўнасць, коснасць. Інертнасць старых звычак. □ Валахановіч пачаў стамляцца дома больш, чым на рабоце. А са стомай, як вядома, прыходзіць інертнасць. Карпаў.
2. Спец. Няздольнасць уступаць у хімічныя злучэнні. Інертнасць газаў. Інертнасць пяску.
іне́ртны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае інерцыю (у 1 знач.); інерцыйны. Інертная маса.
2. Бяздзейны, пасіўны, косны. Інертны чалавек. □ «А ўсё ж нейкія інертныя людзі тут! — уздыхнуў Васіль. — Маўчаць, нібы іх і не датычыць нічога». Шашкоў.
•••
Інертныя газы гл. газ.
Інертныя матэрыялы гл. матэрыял.
інерцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на інерцыі (у 1 знач.), які выкарыстоўвае інерцыю. Інерцыйны рух. Інерцыйны палёт. Інерцыйны акумулятар.
іне́рцыя, ‑і, ж.
1. Уласцівасць цел захоўваць стан спакою або руху, пакуль якая‑н. знешняя сіла не прымусіць іх змяніць гэты стан. Набраўшы разгон, ракета ляцела па інерцыі, як камета або звычайны астэроід. Гамолка. Кола разгайдалася, яно ўжо само далучыла сілу інерцыі да сілы мускулаў рук і круцілася лёгка. Колас.
2. перан. Бяздзейнасць, пасіўнасць, коснасць. Інерцыя мыслення. Інерцыя ўстарэлых звычак.
•••
Па інерцыі — па прывычцы, бессвядома, машынальна. — Прывык ты з часоў партызаншчыны думаць і вырашаць за ўсіх падначаленых, робіш так па інерцыі і дагэтуль. Хадкевіч.
[Ад лац. inertia — бяздзейнасць.]
і́нець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Пакрывацца інеем. Людзі настаўлялі каўняры, хуталіся ў хусткі. Ад дыхання з рота ішла пара, і каўняры, хусткі інелі, інелі валасы, інелі бровы, вейкі. Арабей.