Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інтаксікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Выкліканы інтаксікацыяй. Інтаксікацыйнае захворванне.

інтаксіка́цыя, ‑і, ж.

1. Атручэнне арганізма ядавітымі рэчывамі (таксінамі). Дыфтэрыйная інтаксікацыя. Алкагольная інтаксікацыя.

2. Прымяненне ядаў для засцярогі раслін ад шкодных насякомых. Інтаксікацыя раслін.

[Ад лац. in — у і грэч. toxicon — яд.]

інтанава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. інтанаваць.

інтанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Вымаўляць або выконваць што‑н. з якой‑н. інтанацыяй. Правільна інтанаваць. Фальшыва інтанаваць.

інтанацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтанацыі. Інтанацыйная чысціня выканання арыі. Інтанацыйны пераход. Інтанацыйны малюнак верша.

інтана́цыя, ‑і, ж.

1. Тон, характар вымаўлення, якія выражаюць пачуццё таго, хто гаворыць, яго адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці яго душэўнага складу. Аратарскія інтанацыі. Начальніцкія інтанацыі. □ — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў .. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — Вы мяне ўсхвалявалі, — сказаў Вэня з бяздушнай інтанацыяй гэту штучную фразу. Чорны.

2. Рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні. Пытальная інтанацыя. Размоўная інтанацыя.

3. Дакладнае па вышыні выкананне ўсіх музычных гукаў.

•••

Сыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым паніжэннем тону.

Узыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым павышэннем тону.

[Іт. intonazione.]

інта́рсія, ‑і, ж.

Драўляная інкрустацыя. Традыцыі інтарсіі.

[Ад лац. intarsio — інкрустацыя.]

інтарэ́с, ‑у, м.

1. Увага, цікавасць, якія праяўляюцца да каго‑, чаго‑н. Каб выклікаць у Лаўрэна Карпавіча інтарэс, пачаў [Павел расказваць] аб сваім дзяцінстве. Гроднеў. // Тое, што прыцягвае ўвагу; што‑н. цікавае, займальнае. У сяле не меней інтарэсу. Многа спраў чакае вашых рук. Прануза.

2. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Імкненні, мэты. Эканамічна, сацыяльна і духоўна разняволены сучасны селянін жыве тымі ж ідэаламі, тымі ж інтарэсамі, што і ўвесь савецкі народ. Машэраў. [Паходня і Марынка] жылі рознымі інтарэсамі і, здавалася, не заўважалі адно аднаго. Хадкевіч.

3. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Патрэбы, імкненні, неабходнасць у чым‑н. Класавыя інтарэсы. Інтарэсы грамадства. // Разм. Дзелавая патрэба, інтэрас (у 1 знач.). — Скажыце, ці можна будзе, назад едучы, да вас заглянуць... інтарэс у мяне ёсць... Гурскі.

4. Карысць, сэнс. Навуковы інтарэс. Практычны інтарэс. □ — Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Лынькоў.

•••

Пры сваіх інтарэсах — у тым самым становішчы, з тым, што мелася (астацца, застацца і пад.).

[Ад лац. interest — мае значэнне, важна.]

інтраду́кцыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Кароткі музычны ўступ, які папярэднічае асноўная частцы музычнага твора. Як у першай, так і ў другой оперы Глінка стварыў небывалыя па сваёй прыгажосці сімфанічныя карціны, інтрадукцыі, сімфанічныя антракты. «ЛіМ».

2. Перасяленне чалавекам карысных жывёл і раслін у мясцовасці, дзе іх раней не было. Інтрадукцыя новых сартоў яблынь.

[Лац. introductio — увяданне.]

інтраскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтраскапіі, прызначаны для яе. Інтраскапічны апарат.