эмпіры́зм, ‑у, м.
1. Філасофскі напрамак, які прызнае вопыт, пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай пазнання і недаацэньвае або зусім адмаўляе тэарэтычныя абагульненні пры вывучэнні асобных фактаў, з’яў. Адзначаная У. І. Леніным тэндэнцыя да пераходу буржуазнай сацыялогіі на пазіцыі эмпірызму ў наступныя дзесяцігоддзі яшчэ больш узмацнілася. «Полымя».
2. Кніжн. Схільнасць да практычнай, вопытнай дзейнасці і прыніжэнне значэння лагічнага аналізу і тэарэтычных абагульненняў.
•••
Паўзучы эмпірызм — вывучэнне асобных фактаў без выяўлення больш глыбокіх сувязей і законаў развіцця; вузкі, абмежаваны падыход да з’яў рэчаіснасці.
[Фр. empirisme ад грэч. empeiria — вопыт.]
эмпі́рык, ‑а, м.
1. Паслядоўнік эмпірызму (у 1 знач.).
2. Кніжн. Чалавек, які прызнае толькі практычную дзейнасць, факты і не ўдзяляе ўвагі тэорыі, навуковым абагульненням.
эмпіры́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эмпірызму (у 1 знач.). Эмпірычная філасофія.
2. Кніжн. Заснаваны на эмпірыі; вопытны. У многіх выпадках .. [педагагічная думка] пачала выходзіць за рамкі эмпірычнага фіксавання перадавой практыкі настаўнікаў і пачала пераходзіць да навуковага абагульнення. «Полымя». // Рэальны, які аб’ектыўна існуе. Эмпірычны свет.
эмпіры́я, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Чалавечы вопыт, успрыманне знешняга свету органамі пачуццяў.
2. Назіранне ў натуральных умовах у адрозненне ад эксперыменту.
[Ад грэч. empeiría — вопыт.]
эмпірыякры́тык, ‑а, м.
Паслядоўнік эмпірыякрытыцызму.
эмпірыякрытыцы́зм, ‑у, м.
Суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у філасофіі 19 — пачатку 20 стст., які адмаўляе незалежнае ад свядомасці існаванне аб’ектыўнага свету і разглядае рэчы як комплексы адчуванняў індывіда.
[Грэч. empeiría — вопыт і kritikē̍ — майстэрства разбіраць, судзіць.]
эмпірыямані́зм, ‑у, м.
Суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у рускай філасофіі пачатку 20 ст., які атаясамлівае грамадскае быццё і грамадскую свядомасць як элементы адзінага (маністычнага) вопыту.
[Ад грэч. empeiría — вопыт і mónos — адзіны.]
эмпірыясімвалі́зм, ‑у, м.
Суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у рускай філасофіі 20 ст., які адмаўляе аб’ектыўнасць знешняга свету і сцвярджае, што ўяўленні і паняцці — не адлюстраванне рэальных рэчаў у свядомасці, а толькі сімвалы, умоўныя знакі нашых адчуванняў.
[Ад грэч. empeiría — вопыт і symbolon — умоўны знак, прыкмета.]
эмпірэ́й, ‑я, м.
1. Ва ўяўленні старажытных грэкаў і ранніх хрысціян — самая высокая частка неба, напоўненая агнём і святлом, дзе жывуць багі (у грэкаў) ці святыя (у хрысціян).
2. толькі мн. (эмпірэ́і, ‑яў); перан. Іран. Сфера летуценнасці, мар, незямнога існавання. — А ты ж таксама не ведаеш, — не прыняла папроку Гаранскага Вера Іванаўна. [Гаранскі:] — Я — іншая справа. Я ўвесь у эмпірэях, і не да плошчаў мне. Сабаленка.
•••
Лунаць у эмпірэях — аддавацца далёкім ад жыцця марам, летуценням.
[Ад грэч. émpyros — вогненны, ахоплены агнём.]