экагене́з, ‑у, м.
Гістарычны працэс змянення экалагічных уласцівасцей арганізма.
[Грэч. óikos — жыллё і genesis — паходжанне, узнікненне.]
экалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да экалогіі. Экалагічны баланс прыроды. Экалагічныя ўмовы. □ Ад станоўчага вырашэння экалагічных праблем у значнай ступені залежаць дабрабыт цяперашняга і будучага пакаленняў, існаванне самой цывілізацыі. «Звязда». // Звязаны з умовамі навакольнага асяроддзя, якія ўздзейнічаюць на арганізм. Экалагічныя фактары. Экалагічная прыстасаванасць віду.
•••
Экалагічны крызіс — крытычны стан навакольнага асяроддзя, які пагражае існаванню людзей, выкліканы безгаспадарчым выкарыстаннем вады, паветра, глебы, расліннага і жывёльнага свету.
экало́гія, ‑і, ж.
Раздзел біялогіі, які вывучае ўзаемадзеянне жывёльных і раслінных арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем.
[Ад грэч. óikos — дом, радзіма і logos — вучэнне.]
эканама́йзер, ‑а, м.
Спец.
1. Прыстасаванне для награвання вады ці паветра цеплынёй дымавых газаў ці адпрацаванай парай. Паветраны эканамайзер.
2. Прыстасаванне ў карбюратары рухавіка ўнутранага згарання, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры максімальнай пагрузцы.
[Англ. economizer.]
эканама́йзерны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да эканамайзера. Эканамайзерная камера.
эканаміза́цыя, ‑і, ж.
Уст. Тое, што і эканомія (у 1 знач.). Эканамізацыя працы.
эканамі́зм, ‑у, м.
Гіст. Апартуністычная плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху канца 19 — пачатку 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі. «Эканамізм» быў апартуністычнай плынню ў рускай сацыял-дэмакратыі. Яго палітычная сутнасць зводзілася да праграмы: «рабочым — эканамічная, лібералам — палітычная барацьба». Ленін.
эканамі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Спецыяліст у галіне эканомікі, эканамічных навук, а таксама спецыяліст па эканамічных пытаннях.
2. Прыхільнік эканамізму. [Меньшавіцкая арганізацыя] ішла ў адным радзе з усімі варожымі пралетарыяту элементамі — эканамістамі, ліквідатарамі, сацыял-шавіністамі. «Звязда».
эканамі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць эканамічнага. Эканамічнасць рухавіка. Эканамічнасць перавозак.
эканамі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эканомікі (у 1 знач.), складае, утварае эканоміку. Эканамічны базіс. Эканамічная палітыка. Эканамічныя законы. // Які вызначаецца характарам адносін вытворчасці і размеркавання, выклікаецца гэтымі адносінамі. Эканамічны крызіс. Эканамічнае становішча рабочага класа пры капіталізме.
2. Які мае адносіны да арганізацыі і вядзення эканомікі. Эканамічны раён. Эканамічная нарада.
3. Звязаны з вывучэннем эканомікі (у 1, 3 знач.). Эканамічная геаграфія. // Атрыманы ў выніку рацыянальнага выкарыстання метадаў працы, новых матэрыялаў. Эканамічны эфект. // Матэрыяльны, грашовы; які вызначае чыё‑н. маёмаснае становішча, матэрыяльны дабрабыт. Ясь Ліскоўскі паставіў сабе мэту — ..адчыніць праявы музей. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Колас.
4. Які дае эканомію (у 1 знач.), патрабуе найменшых затрат; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Распрацоўваюцца новыя, усё больш дасканалыя і эканамічныя віды рэактараў. «Маладосць».