Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эгаі́зм, ‑у, м.

Перавага сваіх асабістых інтарэсаў пад інтарэсамі іншых людзей або грамадства; сябелюбства. Асаблівыя намаганні камсамольскіх арганізацыій павінны быць накіраваны.. на выхаванне іх [юнакоў і дзяўчат] у духу камуністычнай маралі, нецярпімых адносін да праяўленняў эгаізму, мяшчанства, абывацельшчыны, да парушэнняў норм сацыялістычнага супольнага жыцця. Машэраў. Абыякавыя адносіны да людзей, да чалавека працы ёсць страшэнны эгаізм. Пестрак.

[Фр. égoïsme ад лац. ego — я.]

эгаі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, якому ўласцівы эгаізм; сябелюб. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывак думак чыстых?! Звонак. [Перагуд:] Вы палюбілі.. [Шумейку] яшчэ больш. [Наталля:] Людзі ў такіх справах вялікія эгаісты. Яны заняты толькі сабою і не заўважаюць, што прычыняюць боль другім. Крапіва.

эгаі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да эгаіст.

эгаісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць эгаістычнага. Эгаістычнасць паводзін. Эгаістычнасць учынку.

эгаісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эгаізму, да эгаіста, уласцівы ім. [Веля:] — Жорсткі ты [Яўген], эгаістычны... Малыя дзеці ў хаце, а ты такое кажаш. Пасаромся!.. Савіцкі. // Прасякнуты эгаізмам. [Ісцец:] — Гэта чалавек, які пакалечыў маё жыццё з эгаістычнымі мэтамі. «Маладосць». [Надзя:] — Васіль... Зразумей, трэба знайсці нейкі выхад. Нельга быць такім эгаістам... Ты зусім не думаеш, што будзе са мной... — Эгаістам?.. Гэта было больш, чым недарэчна. Што эгаістычнага вынікала з маіх паводзін?.. Кірэенка.

эгаліта́рны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на ўраўняльным перадзеле прыватнай уласнасці. Эгалітарная сістэма кіравання.

эгалітары́зм, ‑у, м.

Дробнабуржуазныя ўтапічныя тэорыі, якія прапаведуюць усеагульную ўраўняльнасць як прынцып арганізацыі грамадскага жыцця.

[Фр. égalitarisme ад égalitaire — раўнапраўны, ураўняльны.]

эгалітары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік, прыхільнік эгалітарызму.

эгаты́зм, ‑у, м.

Кніжн. Перабольшаная думка пра сваю асобу, пра свае вартасці і значэнне; самаўлюбёнасць.

[Англ. egotism ад лац. ego — я.]

эгафутуры́зм, ‑у, м.

Адзін з напрамкаў рускага футурызму.

[Ад лац. ego — я і слова футурызм.]