Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эмігра́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Чалавек, які перасяліўся з сваёй айчыны ў іншую краіну па палітычных ці іншых прычынах.

[Ад лац. emigrans, emigrāntis.]

эмігра́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да эмігрант.

эмігра́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эмігранта, прызначаны для яго. Эмігранцкі пашпарт. Эмігранцкае становішча. // Які складаецца з эмігрантаў. Эмігранцкі гурток.

эміграцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эміграцыі. Эміграцыйны рух.

эмігра́цыя, ‑і, ж.

1. Перасяленне з сваёй айчыны ў іншую краіну па эканамічных, палітычных, рэлігійных і інш. прычынах. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу. Каршукоў. Крыўдна, што балюе беглы карнік Каля ўспамінаў дарагіх — Герцэн... Эміграцыя... Друкарні... Песні волі... Песні і сцягі. Панчанка. // Разм. Наогул пераезд у іншы горад ці іншую мясцовасць.

2. Знаходжанне за межамі сваёй айчыны ў выніку такога перасялення. Левандоўскі якраз два дні таму назад вярнуўся з эміграцыі. Карпюк. Знаходзячыся ў эміграцыі, Цётка [Алаіза Пашкевіч] прадаўжала марыць аб звароце на радзіму, каб працягваць рэвалюцыйную работу. Клімковіч.

3. зб. Эмігранты. Частка польскай моладзі ў краі знаходзілася пад уплывам ідэй лідэра польскай эміграцыі Л. Мераслаўскага. Смірноў.

[Ад лац. emigrare — перасяляцца, высяляцца.]

эмігры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Ажыццявіць (ажыццяўляць) эміграцыю (у 1 знач.). Пасля яны [хлопцы] рагаталі нада мною, як гіены, а я шкадаваў, што мой прадзед не эмігрыраваў у Парагвай і асудзіў нашчадка на ганьбу і сорам. Караткевіч.

эмі́р, ‑а, м.

Тытул правіцеля, уладарнага князя ў некаторых мусульманскіх краінах Усходу і Афрыкі. // Асоба, якая мае гэты тытул. А хіба вочы вясёлымі будуць, Калі людзі эміра (якія там людзі!) Адабралі ў іх колеры. Сіпакоў.

[Араб. amīr — уладар.]

эміра́т, ‑а і ‑у, ДМ ‑раце, м.

1. ‑у. Сістэма дзяржаўнага кіравання ў феадальных мусульманскіх краінах. Улада эмірату.

2. ‑а. Феадальная дзяржава, на чале якой стаіць эмір. Утварэнне эмірата.

эмірыто́н, ‑а, м.

Электронны музычны інструмент з рэгістравай клавіятурай.

[Ад першых літар слоў: электрычны музычны інструмент, прозвішчаў двух яго канструктараў Рымскага-Корсакава і Іванова і слова тон.]

эміса́р, ‑а, м.

Уст. Асоба, якая пасылаецца неафіцыйна ў другую краіну з сакрэтным палітычным даручэннем.

[Ад лац. emissarius — пасланец.]