Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

луна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лунаць.

лунаці́зм, ‑у, м.

Хваравіта-нервовы стан, пры якім чалавек у глыбокім сне можа хадзіць, лазіць і падсвядома выконваць іншыя дзеянні; самнамбулізм.

луна́цік, ‑а, м.

Хворы на лунацізм.

лунаці́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да лунацік.

лунаці́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лунаціка, лунацізму, уласцівы ім.

луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.

2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.

3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.

4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.

•••

Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.

лу́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лункі. Луначная сяўба бавоўны.

луна́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад лунаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які плаўна ляціць, рухаецца, лунае ў паветры. Лунаючая мадэль самалёта. Лунаючы палёт.

3. Дзеепрысл. незак. ад лунаць.

лу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікае паглыбленне; ямка. Лункі для пасадкі расады. □ Асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў. Шамякін. // Спец. Паглыбленне ў сківіцы, дзе знаходзіцца корань зуба. Лунка зуба.

лу́ннік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з ліловымі духмянымі кветкамі і сэрцападобнымі лістамі.