лу́сачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да луска.
2. Разм. Асобная пласцінка лускі. Лусачка сасновай кары. Лусачка пупышкі.
3. Мікраскапічная хіцінавая пласцінка на целе некаторых членістаногіх жывёлін (галоўным чынам насякомых).
луска́, ‑і, ДМ ‑сцэ, ж.
1. Дробныя пласцінкі, якія размешчаны на паверхні цела некаторых пазваночных жывёлін (рыб, яшчарак, змеяў). Цэлымі стайкамі хадзілі .. [плоткі] пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Лынькоў. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва.
2. Слаістае покрыва чаго‑н. Луска цыбулі. □ Зашамацела над галавой сасновая луска: відаць, вавёрачка схавалася ў густую крону. Курто.
лускава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты луской, лускамі; з луской, лускамі. Лускаватая змяя. Лускаваты ствол дрэва.
2. у знач. наз. лускава́тыя, ‑ых. Атрад класа паўзуноў, які аб’ядноўвае падатрады хамелеонаў, яшчарак, змеяў.
•••
Лускаваты лішай гл. лішай.
лускаві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і лусачка.
лу́сканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лускаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
лускападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны па луску, у выглядзе лускі (у 1 знач.). Лускападобнае лісце.
лу́скат, ‑у, М ‑каце, м.
Разм. Трэск, лусканне. З глыбіні лесу пачуўся .. прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Колас.
лу́скацца, ‑аецца; незак.
1. Зал. да лускаць (у 1 знач.).
2. Трэскацца, лопацца, распаўсюджваючы сухі кароткі гук. Стылі .. на с[цю]жы старыя сосны-каржакі, лускалася ад марозу кара на маладым сасонніку. Пташнікаў.
лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.
2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.