Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

луг 1, ‑у, М лузе, м.

Сенажаць, пераважна заліўная, накрытая шматгадовай травяністай расліннасцю. Мурожны луг. □ А луг зялёным аксамітам, Вянкамі кветак апавіты, Разлёгся ў роскашы-красе. Колас. Са смугі выступалі.. бяскрайнія лугі з крыху сумнымі стагамі. Карпаў.

луг 2, ‑у, М лузе, м.

Едкі раствор, прыгатаваны з попелу, залітага варам (ужываўся для мыцця бялізны, галавы і інш.); шчолак.

лугава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лугаваць.

лугава́цца, ‑гуецца; незак.

Зал. да лугаваць.

лугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., што.

Дадаваць да чаго‑н. луг ​2, шчолак. Лугаваць ваду.

лугаві́на, ‑ы, ж.

1. Невялікі луг, палоска лугу сярод чаго‑н. Бялела на лугавінах разасланая льнотраста, побач чарнелі квадраты ўзаранага ржышча. Хадкевіч. На лугавіне ў алешніку пачуліся галасы. С. Александровіч.

2. Разм. Тое, што і луг ​1. Коні пасвіліся на лугавіне ля ракі. Чарнышэвіч.

лугаві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да лугавіна (у 1 знач.).

лугаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне лугаводства.

лугаво́дства, ‑а, н.

Галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца паляпшэннем прыродных лугоў, травасеяннем і пад.

лу́гавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лугу ​2.

лугавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лугу ​1. Лугавыя глебы. □ Эх, прасторы лугавыя, Пакланіцеся касцам. Парахневіч. // Які расце і жыве на лузе. Лугавы матыль. □ Ледзь улоўны пах лугавых красак і траў далятаў адтуль з зарэчных прастораў. Лынькоў. // Які знаходзіцца, размешчаны на лузе. Лугавая дарога.

2. Звязаны з выкарыстаннем ці вывучэннем лугоў. Лугавая гаспадарка. Лугавая доследная станцыя. // Прызначаны для работы на лузе. Лугавая веялка.

лугазна́ўства, ‑а, н.

Раздзел геабатанікі, які вывучае лугі, лугавую расліннасць.