Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ле́га, ‑і, ДМ лезе, ж.

Абл. Тое, што і лага (у 1 знач.). Бярвенні не каціліся па легах, а коўзаліся, з’язджалі назад, упарта не паддаваліся намаганням рабочых. Пестрак.

легалізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад легалізаваць.

легалізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Перайсці (пераходзіць) на легальнае становішча. [Ганна] і раней разумела, што без сапраўдных дакументаў тут легалізавацца нельга. Няхай. [Ланге:] — Трэба ж неяк легалізавацца. Пад хатай у склепе сядзець любы здолее. Асіпенка.

2. толькі незак. Зал. да легалізаваць.

легалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Перавесці (пераводзіць) на легальнае становішча.

[Ад фр. légaliser.]

легаліза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. легалізаваць і легалізавацца.

лега́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць легальнага; узаконенасць чаго‑н. Легальнасць існавання.

лега́льны, ‑ая, ‑ае.

Дазволены законам; узаконены. Легальная партыя. Легальны друк. // Які скарыстоўвае дапушчаныя законам магчымасці, заснаваны на выкарыстанні гэтых магчымасцей. Легальная форма барацьбы. □ Збігнеў зайздросціў тым, каторыя выйшлі на легальнае палажэнне і прымайстраваліся на работу. Карпюк.

[Лац. legalis.]

лега́т, ‑а, М ‑гаце, м.

1. У Старажытным Рыме — пасол сената пры правіцелях правінцыя; намеснік.

2. Дыпламатычны прадстаўнік рымскага папы. Панскі легат.

[Ад лац. legatus — пасланы, пасол.]

лега́та,

1. нескл., н. У музыцы — плаўны, звязны пераход ад аднаго гуку да другога; плаўнае выкананне. Знак легата.

2. прысл. Звязна, не адрываючы адной ноты ад другой.

[Іт. legato — звязна.]

леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.

2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.

3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.

2. Надпіс на манеце.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]