Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лейб...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: які служыць пры манарху, прыдворны, напрыклад: лейб-гусары, лейб-медык.

лейбары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Член рабочай партыі ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і некаторых іншых краінах.

[Ад англ. labour — праца.]

лейбары́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лейбарыста, лейбарыстаў. Лейбарысцкая партыя.

лейб-гвардзе́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лейб-гвардыі. Лейб-гвардзейскі полк.

лейб-гва́рдыя, ‑і, ж.

Прывілеяванае войска ў шэрагу манархічных дзяржаў (першапачаткова — ахова манарха).

лейб-ме́дык, ‑а, м.

Прыдворны ўрач.

ле́йдэнскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: лейдэнская банка гл. банка ​1.

ле́йка 1, ‑і, ДМ лейцы; Р мн. леек; ж.

1. Прыстасаванне ў выглядзе конуса з вузкай трубкай для пералівання і фільтравання вадкасцей.

2. Тое, што і палівачка.

3. Спец. Чарпак для вылівання вады.

ле́йка 2, ‑і, ДМ лейцы; Р мн. леек; ж.

Від вузкаплёначнага фотаапарата. З «лейкай» цераз плячо, спяваючы, па лесвіцы збягала дзяўчына. Алешка.

[Ням. Leica (скарачэнне слова Leitz-Camera — па назве фірмы Leitz).]

лейкадэ́рма, ‑ы, ж.

Спец. Парушэнне пігментацыі скуры (памяншэнне або поўнае знікненне пігменту).

[Ад грэч. leukós — белы і dérma — скура.]

лейкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на лейку ​1 (у 1 знач.). Лейкападобная адтуліна.