Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ле́пей, прысл.

Разм. Тое, што і лепш. — Рашайце, госці, самі, — раптам сказала [Антаніна Міхайлаўна]: — Ці тут мы сядзем за стол, ці можа лепей пойдзем у садок пад грушку? Колас. У гасцях добра, а дома лепей. Прыказка.

ле́пет, ‑у, М ‑пеце, м.

Няскладная, невыразная мова дзіцяці. Лепет дзяцей напоўніў пакой. // Лёгкая, несур’ёзная размова; балбатня. Сваім лепетам Марта ажывіла хату. Гартны. // Невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад. — Ты.. наглядай добра за вокнамі і дзвярыма, — загадаў .. [начальнік] чырвонаармейцу і накіраваўся ў хату, не зважаючы на лепет старшыні сельсавета. Крапіва.

•••

Дзіцячы лепет — пра што‑н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае.

ле́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ляпіць (у 1 знач.). // Пра характар, якасць апрацоўкі, выяўлення аб’ёмнасці (скульптуры, карціны, малюнка). Цудоўная лепка.

2. Тое, што вылеплена. Нарада адкрылася ў прыгожай утульнай зале з двух’яруснымі балконамі, з адмысловай лепкай на сценах. Хадкевіч.

ле́пра, ‑ы, ж.

Тое, што і праказа.

[Грэч. lepra.]

лепразо́рый, ‑я, м.

Лячэбная ўстанова для хворых на праказу; калонія пракажоных.

[Ад лац. leprosus — пракажоны.]

ле́пта, ‑ы, ДМ ‑пце, ж.

1. Дробная манета ў Грэцыі.

2. перан. Пасільны уклад у якую‑н. агульную справу. Унесці сваю лепту ў агульную справу.

лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

ле́пшаць, ‑ае; незак.

Станавіцца лепшым. І колькі ні перачытвай добрую кнігу, яна ўсё лепшае. Лужанін. На пярэдняй восьцы зламаўся шпянёк .. Генрых спрабаваў ужо накручваць нейкія ніткі, шнуркі, але справа ад гэтага не лепшала. Ракітны.

ле́пшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца лепкай; спецыяліст па лепцы.

ле́пшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лепшчык.