Ле́та, ‑ы, ж. (з вялікай літары).
У грэчаскай міфалогіі — рака забыцця ў падземным свеце.
•••
Кануць у Лету гл. кануць.
ле́та, ‑а, М леце, ж.
1. Самая цёплая пара года паміж вясной і восенню. Было гарачае, як прысак, лета. Сонца паліла, нібы вогнішча. Бядуля. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.
2. пераважна мн. (ле́ты, ‑аў). Разм. Гады. Мінула юнацтва, ідуць мае ў сталасці леты. Кірэенка.
•••
Бабіна лета — цёплая сонечная пара ранняй восені. Думалі, што бабінага лета так і не прычакаюць. Але ўрэшце разлагодзілася, сціхла, выясн[е]ла — і паляцела павуцінне. Місько.
Зіму і лета гл. зіма.
З лета ў лета — а) круглы год; б) кожнае лета.
ле́таваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
Разм. Жыць дзе‑н. летам, заставацца дзе‑н. на лета. У карэннях травы .. летавалі мурашкі. Чорны. Мы ўжо так і думалі, што бабуля з намі не толькі перазімуе, але і будзе летаваць. Ракітны.
летазлічэ́нне, ‑я, н.
Сістэма вызначэння часу па гадах ад якой‑н. важнай гістарычнай даты. Новае летазлічэнне.
ле́там, прысл.
У летні час, летняй парой. Летам выбежыш рана, Схопіш кошык лазовы І ляціш расхлістаны Пад знаёмыя сховы. Гілевіч. Якое раздолле ў зялёным бары летам! Якімовіч. Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы. Прыказка.
ле́тапіс, ‑у, м.
Пагадовы запіс гістарычных падзей у старажытныя часы; кніга з такімі запісамі. Ноўгарадскі летапіс. Летапіс Аўраамкі. // перан.; чаго. Паслядоўны запіс якіх‑н. падзей; хроніка, гісторыя чаго‑н. Летапіс ваеннай славы.
•••
Жывы летапіс — пра таго, хто добра памятае ўсе сучасныя яму падзеі.
летапі́сец, ‑пісца, м.
Складальнік летапісаў. // перан. Пра асобу, у творах якой найбольш поўна адлюстраваны сучасныя ёй падзеі. Чорны — праўдзівы летапісец чалавечага лёсу ў трох вялікіх войнах. Лужанін. Колас, як ніхто іншы з беларускіх пісьменнікаў, стаў летапісцам духоўнага развіцця беларускага народа. Гіст. бел. сав. літ.
летапі́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да летапісу. Летапісны збор. Летапісная мова.
летаргі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да летаргіі; выкліканы летаргіяй. Летаргічны стан.
•••
Летаргічны сон — тое, што і летаргія.
летаргі́я, ‑і, ж.
Хваравіты стан, падобны на сон.
[Грэч. lethargia.]