леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.

2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.

3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.

2. Надпіс на манеце.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)