Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зграба́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зграбаць — згрэбці.

зграба́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да зграбаць.

зграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згрэбці.

згра́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зграбнага. Зграбнасць фігуры. Зграбнасць рухаў.

згра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.

2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.

зграбці́,

гл. згрэбці.

зграбці́ся,

гл. згрэбціся.

згразі́ць, згражу, згрозіш, згрозіць; зак.

Прыстрашыць, прыгразіць. Згразіў на бяду — пусціў рака ў ваду. Прыказка.

зграшы́ць, зграшу, згрэшыш, згрэшыць.

Зак. да грашыць.

згра́я, ‑і, ж.

Разм.

1. Група сабак, ваўкоў і пад. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. [Ваўкі] палююць зграямі на ласёў, аленяў і казуль. В. Вольскі.

2. перан. Банда, шайка. Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў. Быкаў. Зладзейская зграя канец свой знайшла. Дубоўка.