Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згнаі́ць, згнаю, згноіш, згноіць; зак., каго-што.

Дапусціць да гніення, зрабіць непрыгодным для ўжывання. — Не на пана працуем, — сказаў Кірыла, — усё гэта наша, калгаснае... Сабе ж горш, зробім, калі згноім жыта. Гурскі. // перан. Загубіць (у турме, ссылцы і пад.) цяжкімі ўмовамі жыцця. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.

згніва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згнісці, згніць.

згні́лы, ‑ая, ‑ае.

Які згніў. Згнілае дрэва.

згні́сці і згніць, згнію, згніеш, згніе; згніём, згніяце.

1. Стаць гнілым, распасціся ў працэсе гніення. Сена згніло пад дажджом. □ Хата зусім згніла і асела. Чорны. // перан. Заняпасці, аджыць. Свет стары да астатку згніў. Дудар.

2. перан. Загінуць ад цяжкіх умоў жыцця. Згніць у турме.

згно́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад згнаіць.

згно́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да згнойваць.

згно́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згнаіць.

згнюсі́ць, згнюшу, згнюсіш, згнюсіць; зак., што.

Абл. Зглуміць, запэцкаць. Яшчэ і сама Тодарыха, замест таго каб паспачуваць Ганьцы ці памазаць ёй новую скібку, пасарамаціла яшчэ яе: — От бязрукая! Гэтакую скібку гэтак згнюсіць. Васілевіч.