Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згу́ба, ‑ы, ж.

Разм.

1. Смерць, гібель. Зберагчы ад згубы. □ Гамлет і Афелія кахаюць адзін другога і ў той жа час ускосна вядуць адзін аднаго да згубы. Лужанін. Малады вяпрук адстаў ад чарады, што бегла ад галоднай згубы. А. Вольскі. Не баяцца болей згубы Тут звяры. Пахавалі льва пад дубам Ля гары. Шушкевіч. // Знішчэнне. Жыць без лесу не магу на свеце — У вялікім перад ім даўгу. Лес хаваў не раз мяне ад смерці, Я яго ад згубы сцерагу. Непачаловіч. // Страта. — Няўдача, — адказаў дзядзька. — Косцік новую шапку пасеяў. .. Пачуўшы пра згубу, бацька сярдзіта паківаў пальцам, але надта не сварыўся. С. Александровіч.

2. Тое, што з’яўляецца прычынай гібелі або няшчасця для каго‑, чаго‑н. Марозы — згуба для кветак. □ — Карты — гэта згуба, бацюшка. Пальчэўскі.

3. Тое, што згублена, страчана. Дык прабач жа цяпер, мая згуба, Што з табой часта бачуся ў сне, Што халодныя рукі нялюбай Абдымаюць бясстрасна мяне. Смагаровіч.

згубі́цель, ‑я, м.

Той, хто губіць, загубіў каго‑, што‑н. — Слухаеш, што там у вас у сям’і гавораць. Што я гад, што я згубіцель. Чорны. Акрамя насякомых — згубіцеляў лесу, ёсць у дрэў і сябры, іх верныя абаронцы. Гавеман.

згубі́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да згубіцель.

згубі́цца, згублюся, згубішся, згубіцца; зак.

1. Зак. да губляцца (у 1 знач.).

2. Зак. да губіцца (у 1 знач.).

згубі́ць, згублю, згубіш, згубіць; зак.

1. Зак. да губляць.

2. Зак. да губіць.

згу́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад згубіць.

згу́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць згубнага. Не букет, а цэлы ахапак — пышны і яшчэ свежы, толькі дробненькія пялёсткі ружовыя смалянак былі ўжо крануты згубнасцю [за]вядання. Ракітны.

згу́бны, ‑ая, ‑ае.

Які вядзе да згубы, пагражае згубаю; пагібельны. Згубны ўплыў. Згубныя вынікі.

згука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Крыкам, сігналам сабраць у адно месца ўсіх або многіх. // Заклікаць да чаго‑н. Слова, што мужнасць кавала, Слова, што ў бой падымала, Сёння згукае да працы, Працы на шчасце народа. Кірэенка.

згу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згукаць.