згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)