Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

від 1, ‑у, М аб відзе, на віду, м.

1. Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва. Від на мора. □ А від які з пляцоўкі гэтай! Колас. // Малюнак прыроды, пейзаж. Чакаючы, пакуль прыйдуць мае знаёмыя, я разглядаў альбом з відамі Касабланкі. В. Вольскі.

2. Тое, што і выгляд (у 1, 2 знач.). Спалоханы від твару. □ Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда і парадкам заіржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Лынькоў.

3. толькі мн. (ві́ды, ‑аў). Меркаванні пра што‑н., што яшчэ будзе, на падставе папярэдніх дадзеных. Віды на ўраджай.

•••

Быць на віду гл. быць.

Відам не відаць гл. відаць.

Віду не мець гл. мець.

Віду не падаць (не паказаць) гл. падаць.

Паставіць на від гл. паставіць.

від 2, ‑у, М аб відзе, м.

1. Разнавіднасць, тып. Від паліва. □ На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Чорны.

2. У логіцы, філасофіі — агульнае паняцце, якое ўваходзіць у склад больш агульнага, родавага паняцця.

3. Найменшая адзінка класіфікацыі раслін і жывёл, якая падпарадкоўваецца роду.

відаво́чна,

1. пабочн. Напэўна, відаць; мабыць, мусіць. Голас, у якім чулася шчырая жаласць і спачуванне, відавочна, належаў пажылой жанчыне. Васілевіч. Зараз Антона Пятровіча па вечарах Віктар амаль не бачыў: відавочна, у таго была тэрміновая работа на базе. Даніленка.

2. прысл. Яўна, прыкметна; адкрыта. Кадэты відавочна цягнулі за цара, але, не зважаючы на гэта, адносіны паміж самаўладствам і думаю пагоршваліся. Колас.

3. безас. у знач. вык. Ясна, бясспрэчна. [Кандраценка:] — Зусім відавочна стала, што гораду патрэбен галоўны архітэктар. Карпаў.

відаво́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць відавочнага (у 2 знач.). Рэвалюцыя паказала .. з усёй відавочнасцю, што народ — вялікая сіла. Каваленка.

відаво́чнік, ‑а, м.

Тое, што і відавочца.

відаво́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Яўны, прыкметны. Відавочная мана. □ Колькі за хвіліну нараджаецца ў галаве думак? Сотня, дзве? Яны змяняюць адна другую, і няма паміж імі ніякай відавочнай сувязі. Навуменка.

2. Ясны; бясспрэчны. Нестабільнасць капіталізму становіцца ўсё больш відавочнай. Брэжнеў. [Лабановіч:] — І наогул гэта справа [са ссыпкай] такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання. Колас.

відаво́чца, ‑цы, м.

Сведка якога‑н. здарэння, падзеі. Мая скарбонка цікавых дробязей, кур’ёзаў зрабіла мяне відавочцам, ды і не відавочцам, а ўдзельнікам хвалюючай жыццёвай гісторыі. Шынклер.

відавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да віду ​1 (у 1 знач.). Відавы фільм.

відавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да віду ​2 (у 2, 3 знач.). Відавыя паняцці. Відавыя прыкметы.

відазме́на, ‑ы, ж.

Разнавіднасць, варыянт чаго‑н.

відазме́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад відазмяніць.

2. у знач. прым. Які змяніў свой від, выгляд. Відазмененае рэчыва. Відазмененыя крылы.

відазме́нлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і відазменны.