Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ві́на,

гл. віны.

віна́, ‑ы, ж.

1. Нядобры ўчынак, правіннасць. Зразумець віну. Даказаць віну. □ Чэсь апусціў галаву ў знак свае віны і стаяў панурыўшыся. Колас. // Адказнасць за ўчынак, злачынства. Па чыёй віне?

2. Прычына. А сок быў свежы, такі хвацкі, Такі салодкі, забіяцкі! Ён быў галоўнаю віною Таго, што позняю парою Сядзелі дзеці чарадою. Колас.

вінава́льны,

У выразе: вінавальны склон гл. склон.

вінава́тасць, ‑і, ж.

Наяўнасць віны; удзел у злачынстве, праступку. Вінаватасць Наздрэйкаў у крадзяжы коней лічылася недаведзенай. Крапіва. Ва ўсіх было прыкрае адчуванне нейкай агульнай вінаватасці. Лынькоў.

вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.

1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.

2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.

3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.

4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.

•••

Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.

вінава́ціцца, ‑вачуся, ‑вацішся, ‑ваціцца; незак.

Дакараць сябе, прызнаючы віну, каяцца. — Дык вы праходзьце, праходзьце... Я вось не паспела ў хаце прыбраць, — вінавацілася жанчына. Кавалёў.

вінава́ціць, ‑вачу, ‑ваціш, ‑ваціць; незак., каго.

Абвінавачваць, лічыць вінаватым; асуджаць. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Варанкевіч падняў у доме буру, але не распытваўся аб гэтым, і сама пані падлоўчая чамусь не гаварыла, не вінаваціла свайго мужа. Колас. Дзяжэвіч вінаваціў пастухоў, быццам яны дрэнна пасуць кароў, патрабаваў замяніць іх. Асіпенка.

вінагра́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Пладовая павойная расліна сямейства вінаградавых.

2. зб. Буйныя сакавітыя ягады гэтай расліны, якія растуць гронкамі.

вінагра́дар, ‑а, м.

Той, хто разводзіць вінаград.

вінагра́дарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вінаградарства, вінаградара. Вінаградарскі саўгас.

вінагра́дарства, ‑а, н.

1. Развядзенне вінаграду.

2. Раздзел сельскагаспадарчай навукі аб развядзенні вінаграду.