Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

віс, ‑у, м.

Спец. Вісячае становішча цела гімнаста пры выкананні некаторых гімнастычных практыкаванняў.

ві́сельнік, ‑а, м.

Чалавек, павешаны на вісельні.

ві́сельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вісельні.

ві́сельня, ‑і, ж.

Прыстасаванне для пакарання смерцю праз павешанне; шыбеніца.

вісе́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. вісець (у 1–3 знач.).

вісе́ць, вішу, вісіш, вісіць; вісім, вісіце; незак.

1. Трымацца на чым‑н. без апоры знізу. Над сталом вісеў ліхтар і асвятляў тую частку хаты, куды не даходзіла святло ад печы. Шамякін.

2. Быць прымацаваным да вертыкальнай паверхні. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас.

3. Быць або здавацца нерухомым у часе палёту ці руху. Сонца вісіць нізка над гарызонтам. □ Над лесам, у празрыстай сіняве неба, вісеў каршун. Асіпенка.

4. Выдавацца, выступаць уперад над кім‑, чым‑н.; навісаць. Скала вісела над далінай. // перан. Ствараць пагрозу сваёй блізкасцю. Учора падалі бомбы, смерць вісела.. над галовамі. Шамякін. І гэты вузел цёмнай здрады На сэрцы каменем вісіць. Колас.

5. перан. Навісаючы, ахутваць. Шэры зімовы вечар, падсвечаны мігатлівым электрычным святлом, вісеў над горадам. Гамолка.

6. на кім-чым. Спадаць, не аблягаючы цела (пра вопратку). Уся адзежа вісела на.. [кавалі], як чужая. Лынькоў. Белая доўгая зрэбная кашуля вісела на ім, як на калу. Гурскі.

•••

Вісець між небам і зямлёй — знаходзіцца ў вельмі няпэўным становішчы.

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) — быць у вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы. І шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Колас.

Вісець на карку — быць на ўтрыманні ў каго‑н.

Вісець на тэлефоне — часта званіць і доўга гаварыць па тэлефоне.

Вісець на хвасце — неадступна хадзіць, ездзіць за кім‑н.

Вісець на шыі — быць цяжарам, клопатам для каго‑н.

Вісець на языку — пра вялікае жаданне сказаць тое, чаго няможна сказаць.

Вісець над душой (галавой) — навязваць каму‑н. што‑н., дакучаць.

Вісець у паветры — а) знаходзіцца ў няпэўным становішчы; б) быць неабгрунтаваным (пра меркаванне, перакананне і пад.).

віск, ‑у, м.

Пранізлівы крык. Ціхан кінуўся наўцёкі, дзяўчаты з віскам за ім. Дуброўскі. Раптам збоку, у невялічкай.. затоцы, мы пачулі жаласны віск і ўбачылі, як нешта заварушылася ў густой асацэ. Краўчанка. // Высокі пранізлівы гук, утвораны якім‑н. прадметам. Віск пілы. □ Сцены дробна ўздрыгвалі ад несціханага грукату, .. віску, што напаўнялі цэх. Хадкевіч.

ві́скат, ‑у, М ‑каце, м.

Разм. Тое, што і віск. Рассыпалі чайкі свой віскат. Калачынскі. З пранозлівым віскатам, які міжвольна прыціскае да зямлі, ўпалі першыя бомбы. Шахавец.

віската́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. віскатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння; віскат.

віската́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Пранізліва крычаць; утвараць высокія пранізлівыя гукі. Жалезныя аскепкі зенітных снарадаў барабанілі па дахах, віскаталі па каменнях бруку. Паслядовіч.