вісець, вішу, вісіш, вісіць; вісім, вісіце; незак.

1. Трымацца на чым‑н. без апоры знізу. Над сталом вісеў ліхтар і асвятляў тую частку хаты, куды не даходзіла святло ад печы. Шамякін.

2. Быць прымацаваным да вертыкальнай паверхні. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас.

3. Быць або здавацца нерухомым у часе палёту ці руху. Сонца вісіць нізка над гарызонтам. ▪ Над лесам, у празрыстай сіняве неба, вісеў каршун. Асіпенка.

4. Выдавацца, выступаць уперад над кім‑, чым‑н.; навісаць. Скала вісела над далінай. // перан. Ствараць пагрозу сваёй блізкасцю. Учора падалі бомбы, смерць вісела.. над галовамі. Шамякін. І гэты вузел цёмнай здрады На сэрцы каменем вісіць. Колас.

5. перан. Навісаючы, ахутваць. Шэры зімовы вечар, падсвечаны мігатлівым электрычным святлом, вісеў над горадам. Гамолка.

6. на кім-чым. Спадаць, не аблягаючы цела (пра вопратку). Уся адзежа вісела на.. [кавалі], як чужая. Лынькоў. Белая доўгая зрэбная кашуля вісела на ім, як на калу. Гурскі.

•••

Вісець між небам і зямлёй — знаходзіцца ў вельмі няпэўным становішчы.

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) — быць у вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы. І шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Колас.

Вісець на карку — быць на ўтрыманні ў каго‑н.

Вісець на тэлефоне — часта званіць і доўга гаварыць па тэлефоне.

Вісець на хвасце — неадступна хадзіць, ездзіць за кім‑н.

Вісець на шыі — быць цяжарам, клопатам для каго‑н.

Вісець на языку — пра вялікае жаданне сказаць тое, чаго няможна сказаць.

Вісець над душой (галавой) — навязваць каму‑н. што‑н., дакучаць.

Вісець у паветры — а) знаходзіцца ў няпэўным становішчы; б) быць неабгрунтаваным (пра меркаванне, перакананне і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)