Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

азі́міна, ‑ы, ж.

Пасевы, усходы азімых збожжавых культур. Негарачае асенняе сонца лашчыць пажоўклыя бярозавыя гаі, шырокія вагоны зялёнай азіміны. Навуменка. Варанецкі схадзіў на поле азіміны, паглядзеў, ці добра яна ўрунела. Дуброўскі. Лёгкі подых ветру даносіць з поля ледзь чутны водар спелай азіміны і салодкі пах грэчкі. Асіпенка.

азі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

Азімая пшаніца ў адрозненне ад яравой (яркі). — Зайдзіце ў любую хату калгасніка.. і вы на стале ўбачыце калі не пірог, то бліны або аладкі з пытляванай пшанічнай мукі, хоць летась наша азімка не ўрадзіла. Вішнеўскі.

а́зімут, ‑а, М ‑муце, м.

Спец.

1. Вугал паміж плоскасцю мерыдыяна і плоскасцю, якая праходзіць праз пункт назірання і нябеснае цела або іншы прадмет.

2. Вугал, які ўтвараецца ўзятым напрамкам руху і напрамкам на поўнач.

азімута́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да вызначэння азімута. Азімутальны круг компаса.

а́зімутны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да азімута. Азімутны вугал.

азі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які высяваецца, прарастае і кусціцца восенню, зімуе пад снегам, а потым летам спее. Азімая пшаніца. Азімыя культуры. / у знач. наз. азі́мыя, ‑ых. Падкормка азімых. Араць поле пад азімыя. Азімыя пасеяны ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

2. Які мае адносіны да культур, што высяваюцца восенню. Азімы палетак. Азімая сяўба.

•••

Азімая соўка гл. соўка.

азіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да азірнуцца.

2. перан.; на каго-што і без дап. Быць асцярожным, дзейнічаць з асцярогай, узгадняючы свае ўчынкі з чыімі‑н.; аглядвацца. Азірацца на аўтарытэт. Азірацца на старэйшых. □ [Банадысь:] — І не абсячэ ніхто ад студні, гэтак намерзла! А-яй, што за людзі. Кожны ўсё на другога азіраецца. Чорны.

3. Зал. да азіраць.

азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.

2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.

азірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Павярнуўшыся, аглянуцца, паглядзець назад. [Пятрусь] азірнуўся назад: маці працягвала ўдагонку яму рукі, яе падтрымлівала чарнакудрая дзяўчынка. Каваль.

2. Паглядзець вакол сябе; агледзецца. Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы,.. [Грэчка] спыніўся і азірнуўся навокал. Мележ. Хлопчык схаваў бязмен пад кашулю, высунуў галаву з дзвярэй на двор, азірнуўся ва ўсе бакі і, колькі духу, памчаўся па сцежцы на загуменне. Брыль. / у перан. ужыв. О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця па парадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя. Колас.

•••

Не паспееш (не паспеў, не паспела) азірнуцца, як... гл. паспець.

азірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Акінуць поглядам. Чалавек ступіў за фіранку, больш строга азірнуў бакоўку, як бы вымерваючы, ці стане тут той тапчанчык. Скрыган.