азірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Павярнуўшыся, аглянуцца, паглядзець назад. [Пятрусь] азірнуўся назад: маці працягвала ўдагонку яму рукі, яе падтрымлівала чарнакудрая дзяўчынка. Каваль.

2. Паглядзець вакол сябе; агледзецца. Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы,.. [Грэчка] спыніўся і азірнуўся навокал. Мележ. Хлопчык схаваў бязмен пад кашулю, высунуў галаву з дзвярэй на двор, азірнуўся ва ўсе бакі і, колькі духу, памчаўся па сцежцы на загуменне. Брыль. / у перан. ужыв. О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця па парадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя. Колас.

•••

Не паспееш (не паспеў, не паспела) азірнуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)