Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ску́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скуры (у 1 знач.). Скурныя захворванні.

скурч, ‑у, м.

Разм. Тое, што і курч. Прагна ўзіраюся, каб запамятаць Валодзькаў твар. Трэ нешта сказаць на развітанне, але горла сціскае скурч. Карпюк.

ску́рчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скурчыць.

2. у знач. прым. Які згорбіўся, сціснуўся. За бортам чоўна, у глыбі вады, нерухома стаяла вялізнае барвовае полымя, а злева за ім — скурчаная постаць Васіля. Савіцкі. Насустрач нам ідзе скурчаны дзядок з сівою бародкаю, з кійком у руцэ. Арабей. — Трубі пад’ём! — параіў адзін з разведчыкаў і таксама спыніўся каля скурчанага, з нагамі і галавой захутанага ў шынель чалавека. Кулакоўскі.

3. у знач. прым. Сагнуты, падагнуты, пакалечаны. Скурчаныя пальцы.. [Пракопа] болей не разагнуцца. Вітка. Сотнікаў пераскочыў цераз яго [лейтэнанта] цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой.. выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык. Быкаў.

4. у знач. прым. Які зрабіўся няроўным, пагнутым; скручаны. Вецер гоніць лісцік, Скурчаны, счарнелы. Галіноўская. У іхняй [на радзіме Манга] старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы. Маўр.

ску́рчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скурчваць, скурчыць.

ску́рчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скурчыцца.

2. Зал. да скурчваць.

ску́рчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скурчыць.

ску́рчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сціснуцца ўсім целам, скруціцца, згорбіцца. Скурчыцца ад холаду. □ Мікола падцягнуў пад сябе ногі і скурчыўся, каб не замінаць вадзіцелю. Новікаў. Сцёпа скурчыўся, чакаючы, што бацька вось-вось яго ўдарыць. Курто.

2. Сагнуцца, падагнуцца. Пальцы рук.. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся. Чорны.

3. Зрабіцца няроўным, пагнутым; скруціцца, скрывіцца, выгнуцца. Альховы параснік на правым баку дарогі быў ссечаны, і лісце на галінах скурчылася і было зусім чорнае. Савіцкі.

ску́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Звесці курчам. Хвароба скурчыла старога. / у безас. ужыв. Пры гэтых словах палкоўніка скурчыла неяк. Галавач.

2. Сагнуць, падагнуць. Між густых кустоў у мох Грышка змораны прылёг, Скурчыў ногі абручом І заснуў салодкім сном. А. Александровіч.

скурыстакры́лыя, ‑ых.

Атрад прамакрылых насякомых; вухавёрткі.

скуры́цца, скурыцца; зак.

Зрасходавацца пры курэнні; дакурыцца. Папяроска скурылася, і стала сумна. Пестрак.