Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скурамі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены са скураміту. Фанеру эканомілі гэтак жа старанна, як Шлёма Майсеевіч, скажам, эканоміў скурамітавую падэшву. Нядзведскі.

скура́нік, ‑а, м.

Карослівы клешч, які паразітуе на скуры жывёл.

скурані́к, а́, м.

Разм. Тое, што і дэрматолаг.

скура́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Скураная куртка. Гэта быў камлюкаваты, нават тоўсты, гадоў пад шэсцьдзесят стары ў кароткай скуранцы. Быкаў.

ску́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скурыць.

скураны́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да вырабу скур і да рэчаў са скуры. Скураны завод. Скураная сыравіна. □ З краю гарадка, на беразе рэчкі, некалькі ўжо год існаваў скураны заводзік. Чорны.

2. Зроблены, пашыты са скуры (у 2 знач.). Скураны абутак. Скураная тужурка. □ З двара ў палату віхрам уляцеў высокі, шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. Заскрыпелі веснічкі і ўпусцілі кульгавага Пракопа з тоўстай скураной торбай цераз плячо. Васілевіч. // Абцягнуты, абабіты скурай. Мы паселі ў мяккія скураныя крэслы, што стаялі пры масіўным стале. Сабаленка.

скура́т, ‑а, М ‑раце, м.

Разм. Кавалак, абрэзак скуры. Падшыць валёнкі скуратом. □ Сплеценыя лапці Рыгор падшывае скуратом ад старога хамута, падлажыўшы пад яго сукенку для цеплыні. Пальчэўскі.

•••

Як скурат на агні (круціцца, выкручвацца) — даказваць сваю непрычыннасць, невінаватасць у якой‑н. справе, звычайна нядобрай, выгароджваць сябе.

ску́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скурваць — скурыць.

ску́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скурыцца.

2. Зал. да скурваць.

ску́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скурыць.

ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.

2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.

3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.

ску́рнік, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца вырабам скур. Давід Лаўрэнцьевіч і не думаў тады, што гэтая першая машына для скураной прамысловасці.. зробіць яго прафесіяналам-скурнікам. «Беларусь».

2. Разм. Урач па хваробах скуры.