Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

успы́рхваць, ‑ае.

Незак. да успырхнуць.

успы́рхнуць, ‑не; зак.

Хутка і лёгка ўзляцець (пра птушак, матылькоў і пад.). Раптам спалохана ўспырхнулі.. [вераб’і] і паселі на плот. Мурашка. Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павіслі над вадой. Хомчанка.

успы́хванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. успыхваць — успыхнуць.

успы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успыхнуць.

успы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Раптоўна і хутка загарэцца. Успыхнула запалка. Успыхнуў порах. □ Вось успыхнуў другі танк, сэрца капітана Каржыцкага радуецца. Гурскі. // Ярка засвяціцца. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем. Колас. Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Пташнікаў. // Пачаць ярка блішчаць, ззяць. Ледзь зара ўспыхне над зямлёю, На заводы йдуць працаўнікі. Калачынскі. // Раптоўна пачырванець, расчырванецца. Пані рухава ўсхапілася з крэсла, жоўты твар яе ўспыхнуў. Якімовіч. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не да спадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. На досвітку ўспыхнуў бой на Нёмане. Брыль. — Ну добра, добра, не бубні, я ўжо чула, абедай во, — сказала Лізавета, не жадаючы, каб у час яды ўспыхнула сварка. Ермаловіч.

3. Нечакана расхвалявацца, раззлавацца. Бачачы маю разгубленасць, жонка яшчэ больш успыхнула: — Думаеш, што я дурная, глухая і нічога не бачу, не чую?.. Карпюк.

успы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Раптоўнае загаранне, непрацяглы бляск, нядоўгае ззянне. Успышка бензіну. □ Зноў на рэйках нікога няма, а ад участка да ўчастка пакаціліся вогненныя ўспышкі. Васілеўская. Нечакана вокны ад агароду асвяціліся імгненнай успышкай маланкі. Даніленка. І следам за ўспышкай зарніц Даносіла ветрам здалёку Дыханне бурлівых крыніц. Кірэенка.

2. Раптоўнае кароткачасовае і моцнае праяўленне чаго‑н. Успышка тыфу. □ Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. // Нечаканае праяўленне раздражнення, абурэння. Валенда панура маўчаў. Успышка гневу не зрабіла яго цвярозым. Асіпенка.

успява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успець.