Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уско́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ускаціцца.

2. Зал. да ускочваць.

уско́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ускаціць.

уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.

2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.

3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.

4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.

5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.

ускра́ек, ‑крайку, м.

Крайняя частка якой‑н. прасторы. Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Колас. Касцы стаялі на ўскрайку дарогі і з жалем глядзелі на знясіленых людзей. Прокша. // Край стала, ложкі і пад. Алена падышла, села на ўскрайку Галінага ложка, загаварыла зноў. Марціновіч. Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла і села каля процілеглага ўскрайку стала. Мележ.

ускра́іна, ‑ы, ж.

1. Крайняя частка якой‑н. мясцовасці, тэрыторыі. На ўсход, ускраіне лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Брыль. // Аддаленая ад цэнтр частка населенага пункта. Сям’я Белавусаў жыла на ўскраіне горада. Гурскі. У генералавым доме жылі ўжо другія людзі. Яны сказалі, што цётка Антося перабралася на ўскраіну горада ў сваю хату. Карпюк. Толькі пад самую раніцу дабраўся .. [Васіль], дапоўз да ўскраіны роднай вёскі. Лынькоў. Спалі яшчэ нізкія драўляныя хаты ўскраіны. Галавач.

2. Аддаленая, пагранічная тэрыторыя дзяржавы. Некалі адсталая ўскраіна Расійскай імперыі, Беларусь ператваралася пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі ў індустрыяльна-калгасную дзяржаву. Паслядовіч.

ускра́інны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўскраіны, знаходзіцца на ўскраіне. Усюды, куды кінеш вокам, ляжалі руіны, руіны, недзе ля гарызонта акаймаваныя палоскаю ўскраінных домікаў. Карпаў. Матацыкл са стракатаннем прамчаў па магістралі, праляцеў па ціхай ускраіннай вуліцы і неўзабаве спыніўся. Сапрыка.

ускра́й 1, прыназ. з Р.

З краю чаго‑н. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным ўзгорку ўскрай лесу. Колас. Але кругом ускрай поля была мяккая густая мурава. Крапіва. Сцёпка ехаў ускрай хмызняку, пільна ўглядаючыся наперад. Хомчанка.

ускра́й 2, ‑ю, м.

Разм. Крайняя частка якой‑н. тэрыторыі, прасторы. Ад чырвонага месяца — зарыва, як ад далёкага пажару, але на ўскраі лесу пануе ўжо густая начная цемра. Мурашка. // Аддаленая ад цэнтра частка населенага пункта. Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла. Лынькоў. Да ўскраю горада ехала я трамваем. Кавалёў. // Край якога‑н. прадмета. Я лёг, а бацька прысеў на ўскрай лавы і пачаў расказваць сваю бяду. Сабаленка. То ён заклапочана бегаў між сталом і этажэркай, то садзіўся на ўскрай тэлефоннага століка. Асіпенка. Маці ўхадзілася, палезла на печ, прылегла на ўскраі і спадцішка пазірала за дачкой. Пальчэўскі. На ўскраі сіласнай ямы стаіць Аркадзь Богдан і нешта гаворыць у яму. Дуброўскі.

ускруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

Разм.

1. Устаць вельмі рана. [Адэля:] — Што гэта? Яшчэ чуць золак, а ты ўжо ўскруціўся? Звар’яцеў, стары, ці што? Чарот. — Чаго ты ў такую рань ускруціўся? Спі яшчэ. Хадкевіч.

2. Нечакана разбушавацца (пра з’явы прыроды). Ускруціцца такая завея, што з хаты носа не выткнеш. Чарнышэвіч.

3. Узвіцца ўверх. Мяч свечкай ускруціўся ўгору і ўпаў якраз пасярод вуліцы. Паслядовіч.

ускруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак.

Разм.

1. каго. Падняць вельмі рана. [Волька:] — Дзяўчыну без пары ўскруціў. Калі яшчэ ў школу, хай бы спала. Пташнікаў.

2. звычайна безас. каго. Узбударажыць, вывесці са спакою. [Жонка:] — То чаго гэта цябе ўскруціла? Якое ліха яшчэ, чаго ты? Галавач.

3. што. Закруціць, узняць (пыл, пясок і пад.). Часам вецер засвішча, Ускруціць і попел і чад. Куляшоў.

ускру́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да ускруціцца.