уско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Хутка ўстаць, падняцца з месца. Сёмка паволі ўзняўся з канапы. Следам за ім борздзенька ўскочыў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў і пабег. Мележ.
2. Скочыць на каго‑, што‑н. Сувязны ўскочыў на каня і паскакаў. М. Ткачоў. Салдат спрытна ўскочыў на падножку і ў момант апынуўся ў прасторнай кабіне самазвала. Васілевіч. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б прыбіта цвікамі рама. Хомчанка. // у што. Скочыць у сярэдзіну чаго‑н. Ускочыць у лодку. □ Лабановіч выбег на платформу і ўскочыў у першы пасажырскі вагон. Колас.
3. перан. Узнікнуць (аб прышчах, нарывах і пад.). Ускочылі мазалі на руках. □ На лбе ўскочыў гуз, але Андрыян не адчуваў болю. Марціновіч.
4. у што. Імкліва ўвайсці, сілай уварвацца куды‑н. Раптам адчыніліся дзверы і за мной у хату ўскочылі ўзрадаваныя дзеці. Ляўданскі. Група прарыву ўскочыла ў лес і адным ударам выбіла адтуль фашыстаў. Новікаў.
5. у што. Трапіць, папасці выпадкова куды‑н. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі.. ускочылі ў правал. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)