Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стоўб, стаўба, м.

Абл. Слуп. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю-ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

стоўп 1, стаўпа, м.

Абл. Сцірта, торп. Ціток узлез на жытні стоўп і адразу ўбачыў, што снапы каля сцяны паварушаны. Лобан. / у вобразным ужыв. Сваю ноч верасень дасыпае дзе-небудзь у гумне, на стаўпе духмянага мурагу. Васілевіч.

стоўп 2, стаўпа, м.

1. Спец. Вежа або калона. Александрыйскі стоўп.

2. Тое, што і слуп (у 2 знач.). Даўно ўжо зышла на зямлю .. цёплая летняя ноч, і залацісты стоўп ад поўнага месяца лёг на люстраную гладзь шырокай Волгі. Багдановіч.

3. перан. Іран. Важны дзеяч, значная службовая асоба. Стаўпы грамадства. □ Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

стоўпатварэ́нне, ‑я, н. (звычайна ў спалучэнні са словам «вавілонскае»).

Зборышча, мітусня, неразбярыха. Веньямін не любіць танцаў. .. Таму як бы звыс[оку] глядзіць на тых, хто ахвотай лезе ў гэта вавілонскае стоўпатварэнне. Навуменка.

сто́ўпіцца, ‑піцца; ‑пімся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.

Сабрацца натоўпам вакол каго‑, чаго‑н.; збіцца ў кучу. Званок перарваў мае думкі. Вучні стоўпіліся вакол стала. Усім хацелася паглядзець на сякеру, якая дайшла да нас з каменнага веку. Штыхаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў. // Размясціцца блізка адзін каля аднаго ў вялікай колькасці. [Гарасім:] — А машын нашых многа стоўпілася на пераправе, не паспелі яшчэ ўсе пераскочыў на той бок. Масарэнка. [Рыбак] узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Быкаў. // Вырасці густа. Здалося, што хтосьці шаснуў за кедрамі, якія стоўпіліся за спінай, ахутаныя снегам. Мяжэвіч.

сто́ўпіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., каго-што.

1. Сабраць у гурт. Стоўпіць кароў каля сажалкі.

2. Абл. Умясціць, утоўпіць. Хлопцы занеслі проста ў залу пяць мяшкоў арэхаў. Іх, шчыра кажучы, можна было стоўпіць і ў тры, але ж калі больш — неяк салідней. Дубоўка.

сто́ўпішча, ‑а, м.

Разм. Вялікае зборышча людзей; натоўп. І хаця ўсе захоўвалі парадак і не чуваць было ні рэзкіх выклікаў, ні гучных галасоў, усё ж адчувалася пэўная напружанасць ва ўсім гэтым стоўпішчы народу. Лынькоў.

сто́ўпнік, ‑а, м.

У хрысціянстве — рэальная або міфічная асоба, якая выконвала рэлігійны зарок нерухомага стаяння на калонах (стаўпах, слупах).

сто́ўчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стаўчы.

сто́чаны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стачыць ​1.

сто́чаны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стачыць ​2.

сто́чаны 3, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стачыць ​3.

сто́чванне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сточваць ​1 — стачыць ​1.

сто́чванне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сточваць ​2 — стачыць ​2.

сто́чванне 3, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сточваць ​3 — стачыць ​3.