Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ску́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скурваць — скурыць.

ску́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скурыцца.

2. Зал. да скурваць.

ску́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скурыць.

ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.

2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.

3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.

ску́рнік, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца вырабам скур. Давід Лаўрэнцьевіч і не думаў тады, што гэтая першая машына для скураной прамысловасці.. зробіць яго прафесіяналам-скурнікам. «Беларусь».

2. Разм. Урач па хваробах скуры.

ску́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скуры (у 1 знач.). Скурныя захворванні.

скурч, ‑у, м.

Разм. Тое, што і курч. Прагна ўзіраюся, каб запамятаць Валодзькаў твар. Трэ нешта сказаць на развітанне, але горла сціскае скурч. Карпюк.

ску́рчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скурчыць.

2. у знач. прым. Які згорбіўся, сціснуўся. За бортам чоўна, у глыбі вады, нерухома стаяла вялізнае барвовае полымя, а злева за ім — скурчаная постаць Васіля. Савіцкі. Насустрач нам ідзе скурчаны дзядок з сівою бародкаю, з кійком у руцэ. Арабей. — Трубі пад’ём! — параіў адзін з разведчыкаў і таксама спыніўся каля скурчанага, з нагамі і галавой захутанага ў шынель чалавека. Кулакоўскі.

3. у знач. прым. Сагнуты, падагнуты, пакалечаны. Скурчаныя пальцы.. [Пракопа] болей не разагнуцца. Вітка. Сотнікаў пераскочыў цераз яго [лейтэнанта] цела, ледзь не наступіўшы на яго сутаргава скурчаную руку, з якой.. выпаў у пясок маленькі, з палец, ножык. Быкаў.

4. у знач. прым. Які зрабіўся няроўным, пагнутым; скручаны. Вецер гоніць лісцік, Скурчаны, счарнелы. Галіноўская. У іхняй [на радзіме Манга] старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы. Маўр.

ску́рчванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скурчваць, скурчыць.

ску́рчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скурчыцца.

2. Зал. да скурчваць.