Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скалду́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. да скалдуніць.

2. у знач. прым. Зблытаны, скудлачаны. Рудая скалдуненая грыва махалася ў такт.. кроку [каня]. Крапіва.

скалду́ніцца, ‑ніцца; зак.

Разм. Зблытацца, скудлаціцца (пра валасы, шэрсць і пад.).

скалду́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Разм. Зблытаць, скудлаціць (валасы, шэрсць і пад.), ператварыць у калдуны ​2.

скале́лы, ‑ая, ‑ае.

Які вельмі змёрз, скалеў. Юрка доўга блукаў па заснежаных вуліцах і завулках і вярнуўся дамоў толькі апоўначы, скалелы, стомлены. Карпаў.

скале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Вельмі змерзнуць. Моцны мароз даваў сябе адчуваць: зусім скалелі ногі. Лынькоў. Усе скалелі, але ж трэба было сядзець у цесных і сырых акопах і чакаць. Новікаў.

2. Разм. груб. Памерці, сканаць. Карову не павядзеш па баразне, карова павінна малако даваць, каб самому з голаду не скалець. Чыгрынаў.

скале́чанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан скалечанага (у 2, 3 знач.).

скале́чанне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. скалечыць.

скале́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скалечыць.

2. у знач. прым. Які мае цяжкае калецтва; знявечаны. [Таццяна].. адхіснулася назад, убачыўшы жудасны малюнак: разварочаны акоп, скалечаныя целы забітых. Шамякін. Калі б не скалечаныя, распухлыя пальцы і набрынялая застарэлым болем нага, дык.. [Сотнікаў] збольшага адчуў бы сябе здаровым. Быкаў. // Сапсаваны, непрыгодны. А мы ўсе ля палутаркі скалечанай І тупаем, і возімся з Гурко. Чэрня. Кожны дом, што знаёмы да болю, І ўсіх вуліц скалечаны брук Пракліналі, як воспу, няволю, Сумавалі без сынавых рук. Астрэйка.

3. перан.; у знач. прым. Маральна знявечаны, сапсаваны. [Бландзін:] — Дайце мне кулямёт! Я ўсю вайну марыў адплаціць фашысцкаму зверу за скалечанае жыццё... Ваданосаў. [Генрых Тоўхарт:] — На вайну я трапіў на разбор шапак. Аднак прыйшоў дадому са скалечанай душой. Нас разбілі. Чорны.

4. у знач. наз. скале́чаны, ‑ага, м. Калека. Скалечаных Усе шпіталі поўны... За што, за што Пакутуюць яны? Хведаровіч.

скале́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скалечыцца.

2. Зал. да скалечваць.

скале́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скалечыць.