Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

міну́ўшчына, ‑ы, ж.

Тое, што было раней, што даўно прайшло; мінулае; былое. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Думкі не пакідаюць мяне. Можа і не варта каламуціць тую палыновую горыч далёкай мінуўшчыны. Асіпенка. // Старажытнасць, старадаўнасць. Сівая мінуўшчына. □ І ў суме адвечным, ссутуліўшы плечы, Мінуўшчына ў замчышчы спіць. Хведаровіч.

міну́цца, ‑нецца; зак.

1. Прайсці; скончыцца. Толькі што мінулася пара безупынных дажджоў. Чорны. Бацькаў гнеў даўно мінуўся. Колас.

2. Застацца ззаду; скончыцца. Мінулася невялічкае азярко, што краем падступіла да самай дарогі. Скрыган. Мінулася поле, пачаўся рэдкі лясок. Мележ. Калі мінуўся пясок, пачало трэсці на калдобінах. Пташнікаў.

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. — Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

міну́чы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які хутка праходзіць, мінае; недаўгавечны. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясковымі світаннямі. Лынькоў.

міну́шкі, ‑шак.

Травяністая шматгадовая або аднагадовая расліна сямейства каменяломнікавых з ярка-жоўтымі кветкамі.

міньён 1, ‑у, м.

Спец. Дробны друкарскі шрыфт, роўны 7 пунктам.

[Фр. mignonne, ад mignon — вельмі маленькі.]

міньён 2, ‑а, м.

Бальны танец, падобны на вальс.

[Ад фр. mignonne — любая, мілая.]