Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знемага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да знемагчы.

знемагчы́, знемагу, зняможаш, зняможа; пр. знямог, знемагла, ‑ло; зак.

Страціць сілы, аслабець, дайсці да знямогі. Стаміўся ты, дружа, знямог І выбіўся з сіл. Ты шмат перамераў дарог Між пустак, магіл. Колас. Было ціха; здавалася, усё знемагло ад дзённай спёкі і, самлеўшы, чакала вечара і дажджу. Дуброўскі.

знемагчы́ся, знемагуся, зняможашся, зняможацца; зак.

Тое, што і знемагчы. Хомка знямогся і ледзь пераступаў нагамі. Гарэцкі. Лена кінулася на ложак. Ад крыўды цесна было ў грудзях, не хапала паветра. А потым знемаглася, заснула... Ваданосаў.

знемажэ́нне, ‑я, н.

Стан поўнай стомленасць, бяссілля, знямогі. Працаваў [Фларыян Ждановіч] гадзінамі асобна з кожным акцёрам, выматваў усе жылы і сам стамляўся да поўнага знемажэння. Мядзёлка.

зненаві́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Адчуць нянавісць, пранікнуцца нянавісцю да каго‑, чаго‑н. Саша ніколі раней не прала і з першых жа дзён зненавідзела гэту дапатопную работу. Шамякін. — Калі вы яшчэ хоць раз схлусіце мне ці каму-небудзь іншаму, я зненавіджу вас назаўсёды. Кулакоўскі.

зненаві́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Ненавісны. За зямлю, на якой мужык сядзіць, ён мусіць яшчэ дзевяць гадоў рабіць тую ж зненавідную паншчыну. Якімовіч.

знепрыто́мнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Страціць прытомнасць. Карпавіч на міг расплюшчыў вочы, павёў імі па людзях, але, знясілены, зноў апусціў павекі і знепрытомнеў. Броўка.

знервава́насць, ‑і, ж.

Стан знерваванага.

знервава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад знерваваць.

2. у знач. прым. Даведзены да хваравіта-зласлівага, нервознага стану; нервовы. Знерваваны, спакутаваны .. [Сузан] выйшаў на ганак, каб падыхаць свежым паветрам. Лынькоў.

знервава́цца, ‑рвуюся, ‑рвуешся, ‑рвуецца; зак.

Стаць вельмі нервозным ад пастаянных хваляванняў і турбот; стаміцца ад нервовага напружання. Знервавацца, чакаючы адказу. □ — Ты, браце, даруй, што я грубаваты быў. Знерваваўся, лежачы ў закутку тым, проста азвярэў. Асіпенка.