зваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да звярнуцца (у 2, 3 знач.).
2. Зал. да зварочваць.
зваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да звярнуць (у 1–5 і 8 знач.).
зварухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Зрабіць рух целам; варухнуцца, паварушыцца. Зося гэтак задрыжала ад страху, што нават дзіця на руках зварухнулася і заплакала. Чарот. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Зрабіць хуткі, нязначны рух; таргануцца, дрыгнуць (пра часткі цела). Кусцістыя бровы старога зварухнуліся. Даніленка. Ніводзін мускул на твары Лабановіча не зварухнуўся. Колас. // Прыйсці ў лёгкі рух; скалыхнуцца. Досвітак ціхі ў барах, Не зварухнуцца галінкі. Хведаровіч.
зварухну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Прывесці ў лёгкі рух; скалыхнуць. І як вокам азірнуць — Збожжа, збожжа, збожжа, Нават вецер зварухнуць Каласы не можа... Грахоўскі. // перан. Заклікаць да дзеяння. Папрацавалі мы нямала, Каб зварухнуць, падняць народ. Бітэль.
2. чым. Паварушыць, кіўнуць. Ніводным плаўніком не зварухнуў [шчупак]. Ваданосаў.
звару́шлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны зварухнуць, заварушыць. Зварушлівы ветрык. // перан. Здольны ўсхваляваць, расчуліць або такі, які лёгка ўзбуджаецца, расчульваецца. Зварушлівая натура. Зварушлівы ўчынак.
зва́ршчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца зваркай.
звары́цца, зварыцца; зак.
1. Стаць прыгодным да ўжывання ў выніку варкі. Мяса зварылася. □ Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас.
2. Злучыцца ў працэсе зваркі, зварвання. Трубы добра зварыліся.
звары́ць, звару, зварыш, зварыць; зак., што.
1. Прыгатаваць або атрымаць пры дапамозе варкі. Зварыць варэнне. Зварыць суп. Зварыць абед. // Вырабіць, выплавіць (метал). Зварыць сталь.
2. Зрабіць зварку чаго‑н.; злучыць шляхам зваркі. Зварыць рэйкі.
•••
Галава зварыла гл. галава.
Кашы (піва) не зварыш з кім — не дагаворышся з кім‑н.
Як варам зварыла — пра раптоўнае адчуванне млосці, знямогі.
звар’яце́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў розум; псіхічна хворы. Звар’яцелага Тамаша.. адвезлі ў шпіталь. Бядуля. / у знач. наз. звар’яце́лы, ‑ага, м.; звар’яце́лая, ‑ай, ж. Лячыць звар’яцелага. // Уласцівы псіхічна хворым, такі, як у псіхічна хворых. На чорныя літары жоўтага плаката ўтаропіўся з партрэта косы звар’яцелы позірк чалавека з чорнай касмылінай цераз лоб. Лынькоў.
2. Разм. Безразважны, раз’юшаны, ашалелы. — Бяры яго! Бі! — крычыць звар’яцелы ад злосці афіцэр. Колас.