Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ду́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дула. Дульная частка гарматы.

дульцы́н, ‑у, м.

Рэчыва, якое ў шмат разоў пераўзыходзіць па саладосці цукар і выкарыстоўваецца іншы раз замест яго.

[Ад ням. dulcis — салодкі.]

дульцыне́я, ‑і, ж.

Жарт., іран. Любімая жанчына.

[Ад імя, прыдуманага героем рамана Сервантэса Дон Кіхотам для сялянкі Альфонсы, якую ён абраў у якасці сваёй дамы.]

ду́ля, ‑і, ж.

1. Летні сорт ігруш з вялікімі і салодкімі пладамі.

2. Плод гэтай ігрушы. На грушы каля ганку Вісяць цяжкія дулі. Калачынскі.

3. Разм. груб. Кукіш, фіга. [Халуста] паказаў Настулі кулак, а яна яму дулю, і гутарка на гэтым кончылася. Чарнышэвіч.

•••

Даць (паднесці, паказаць) дулю гл. даць.

Дулю з’есці гл. з’есці.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос — лаянкавы выраз для катэгарычнага аднаўлення або нязгоды.

ду́ма 1, ‑ы, ж.

1. Мысль, разважанне, роздум. Думы і развагі пра зямлю, пра лепшае жыццё не давалі спакою ні майму бацьку, ні ўсёй астатняй тутэйшай беднаце. Кулакоўскі. У самотнай цішы перад сном Думы думае маці. Гілевіч.

2. Жанр гістарычнага народнага ўкраінскага эпасу, а таксама творы гэтага жанру. // Род вершаў на грамадзянскія, палітычныя тэмы ў рускай паэзіі пачатку 19 ст.

ду́ма 2, ‑ы, ж.

Выбарны орган цэнтральнай або мясцовага кіравання ў дарэвалюцыйнай Расіі. Баярская дума. Дзяржаўная дума. Гарадская дума.

ду́манне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. думаць (у 1 знач.). Хадзіў [Лабановіч], хадзілі з ім і думкі яго, і яго мары, і ўспаміны. Спакой і цішыня лясная так хіляць да такога думання. Колас.

ду́мацца, ‑аецца; безас. незак.

1. Уяўляцца ў думках; здавацца. Не то сніцца, не то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу. Крапіва. [Любе] думалася, што з кожнага акна на яе паказваюць пальцамі. Чорны.

2. Аб стане роздуму, разважання, абдумвання чаго‑н. [Косцік] любіць марыць у адзіноце. Тады неяк лёгка і раздольна думаецца. С. Александровіч. Дзе ўзяў бацька ключ, каб адамкнуць хату — аб гэтым не думалася. Якімовіч.

ду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Аддавацца роздуму; раздумваць, мысліць. Часта доўга думае стары Яўхім пра сваю дачку і яшчэ мацней яе шкадуе, любіць. Пестрак. Аб чым камандзір думаў так доўга, — цяжка сказаць. Брыль. Доўга думала Ганна і, урэшце, надумалася. Нікановіч.

2. з дадан. сказам. Лічыць, меркаваць. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. Крапіва. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч. // на каго. Мець падазрэнне, лічыць вінаватым у чым‑н. Думаў на Івана, што ён вінаваты.

3. з інф. Мець намер, збірацца што‑н. рабіць. Хоць у маткі і жылося .. [Аўгінні] нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Колас. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.

4. аб кім-чым, пра каго-што. Клапаціцца, турбавацца. Думаць аб бацьках. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак. Чорны.

•••

А што ты думаеш! гл. ты.

Забыць (і) думаць гл. забыць.

І думаць няма чаго — пра поўную немагчымасць зрабіць што‑н.

І не думай (нават) — пра катэгарычную забарону рабіць што‑н.

Трэба думаць гл. трэба.

Я думаю гл. я.

ду́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Тое, што з’явілася ў выніку разваг, меркавання; прадукт мыслення. Цікавая думка. Выказаць думку. □ У галаве Марыны варушылася то адна, то другая думка, вельмі ж хацелася ўгаварыць шафа, каб ён пусціў яе на паравоз. Кавалёў. // Меркаванне, здагадка. І раптам бліснула думка: перабежчык мог у час вярнуцца назад. Шамякін. [Мангу] прыйшла ў галаву вельмі разумная думка — зняць і мундзір. Маўр. // Намер, задума. Насіцца з думкай. □ [Зося] увайшла ў хату з цвёрдай думкай ісці заўтра да Сегенецкага. Чорны. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. Самуйлёнак. // Сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне. Навуковая думка. Тэхнічная думка.

2. Мысліцельны працэс; мысленне. Няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка. Якімовіч.

3. Тое, што і дума ​1 (у 1 знач.). Неадступная думка не давала .. [Сцёпу] спакою: як адабраць у Юркі ліхтарык. Курто. Алегу часта рабілася прыкра ад думкі, што ён, старэйшы, не можа прынесці ў хату нават таго, што прыносіў Алёшка. Брыль.

4. толькі мн. (ду́мкі, ‑мак). Сістэма перакананняў, поглядаў, уяўленняў. Абмен думкамі паміж дэлегацыямі.

•••

Грамадская думка — погляды шырокай грамадскасці на што‑н.

Без усякай задняй думкі — без скрытага замыслу, намеру.

Падаць думку гл. падаць.

Прыйсці на думку гл. прыйсці.

Сабрацца з думкамі гл. сабрацца.

ду́мны 1, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Звязаны з баярскай думай (гл. дума ​2). Думны дзяк. Думны я баяры.

ду́мны 2, ‑ая, ‑ае.

Задуменны, заклапочаны. Курылі, моўчкі думалі кожны пра сваё, той-сёй з дзядзькоў драмаў. Зайчык першы разбіў думную маўчанку. Мележ.