думка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Тое, што з’явілася ў выніку разваг, меркавання; прадукт мыслення. Цікавая думка. Выказаць думку. ▪ У галаве Марыны варушылася то адна, то другая думка, вельмі ж хацелася ўгаварыць шафа, каб ён пусціў яе на паравоз. Кавалёў. // Меркаванне, здагадка. І раптам бліснула думка: перабежчык мог у час вярнуцца назад. Шамякін. [Мангу] прыйшла ў галаву вельмі разумная думка — зняць і мундзір. Маўр. // Намер, задума. Насіцца з думкай. ▪ [Зося] увайшла ў хату з цвёрдай думкай ісці заўтра да Сегенецкага. Чорны. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. Самуйлёнак. // Сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне. Навуковая думка. Тэхнічная думка.
2. Мысліцельны працэс; мысленне. Няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка. Якімовіч.
3. Тое, што і дума 1 (у 1 знач.). Неадступная думка не давала .. [Сцёпу] спакою: як адабраць у Юркі ліхтарык. Курто. Алегу часта рабілася прыкра ад думкі, што ён, старэйшы, не можа прынесці ў хату нават таго, што прыносіў Алёшка. Брыль.
4. толькі мн. (думкі, ‑мак). Сістэма перакананняў, поглядаў, уяўленняў. Абмен думкамі паміж дэлегацыямі.
•••
Грамадская думка — погляды шырокай грамадскасці на што‑н.
Без усякай задняй думкі — без скрытага замыслу, намеру.
Падаць думку гл. падаць.
Прыйсці на думку гл. прыйсці.
Сабрацца з думкамі гл. сабрацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)