апало́ць, апалю, аполеш, аполе; зак., што.
Полючы, ачысціць ад пустазелля. Апалоць граду. Апалоць буракі.
апа́лубачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да апалубкі (у 1 знач.). Апалубачныя работы. // Прызначаны для апалубкі. Апалубачны лес.
апа́лубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.
Спец. Пакрыць, аблажыць апалубкай (у 2, 3 знач.).
апа́лубка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
Спец.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апалубіць.
2. Р мн. ‑бак. Драўляная ці металічная форма, якая ўжываецца пры бетонных і жалезабетонных збудаваннях і знімаецца пасля зацвярдзення бетону. Адны папраўлялі апалубку, рыхтуючы яе да ўкладкі бетону, другія вязалі арматуру, счышчалі снег, разраўноўвалі замёрзлую зямлю. Хадкевіч.
3. Р мн. ‑бак. Абшыўка, абкладка знадворных частак збудавання. [Старшыня калгаса:] — Я вось і прыйшоў параіцца з вамі, як лепш рабіць, ці апалубкай, ці, можа, рыхтаваць цэментныя пліты ды выкладаць іх. Сергіевіч.
апа́лублены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апалубіць.
апа́лубшчык, ‑а, м.
Рабочы, які рыхтуе апалубку.
апалу́шкі, ‑шак; адз. няма.
Невялікія начоўкі для зернеачысткі ў хатніх умовах.
апалчэ́нец, ‑нца, м.
Удзельнік, баец апалчэння. Парадзелі рады апалчэнцаў, шмат было забітых, багата параненых, аднак полк трымаўся, не адступаў. Гурскі. Апалчэнцы ўліліся ў рэгулярныя войскі. «Маладосць».
апалчэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да апалчэнец.
апалчэ́нне, ‑я, н.
1. У старажытнасці — войска, якое ў час вайны набіралася з шырокіх народных мас.
2. Дапаможнае войска, якое фарміруецца ў час надзвычайных абставін на добраахвотных асновах з асоб, якія вызвалены ад вайсковай службы. Такімі ж доўгімі здаваліся і ўсе наступныя дні, аж пакуль .. [Сяргей] не трапіў у народнае апалчэнне. Шахавец.