Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрэ́мечка, ‑а, н.

Спец. Адна са слыхавых костачак сярэдняга вуха.

стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

стрэ́мя, стрэмя і стрэмені, Д стрэмю і стрэмені, В стрэмя, Т стрэмем і стрэменем, М (аб) стрэмі і стрэмені; мн. страмёны, страмён; н.

1. Прыстасаванне для ўпору нагі конніка ў выглядзе жалезнай дужкі з вушкам, што падвешваецца да сядла пры дапамозе рэменя. Асядлаўшы буланку, [брыгадзір] паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль.

2. Спец. Тое, што і стрэмечка.

стрэ́пет, ‑а, М ‑пеце, м.

Стэпавая птушка атрада дроф, якая ўтварае рэзкі шум крыламі ў час палёту.

стрэптако́к, ‑а, м.

Род бактэрый шарападобнай формы, якія ўтвараюць характэрныя ланцужкі.

[Ад грэч. streptos — ланцужок і kokkos — зерне.]

стрэптако́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрэптакока, з’яўляецца стрэптакокам. Стрэптакокавая культура. // Які выклікаецца стрэптакокам. Стрэптакокавая ангіна.

стрэптаміцы́н, ‑у, м.

Антыбіётык, які выкарыстоўваецца пры лячэнні туберкулёзу, пнеўманіі і некаторых іншых захворванняў.

[Ад грэч. streptos — ланцужок і mykēs — грыб.]

стрэптацы́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Лекавы сродак, які выкарыстоўваецца пры стрэптакокавых захворваннях.

[Ад слова стрэпта (кок) і лац. caedere — забіваць.]

стрэс, ‑у, м.

Стан напружання арганізма, які з’яўляецца ахоўнай рэакцыяй у адказ на дзеянне моцных раздражняльнікаў ўнутранага або знешняга асяроддзя.

[Ад англ. stress — ціск, напружанне.]

стрэ́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрэсу. Стрэсавая сітуацыя. У стрэсавым стане.