Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ску́лле, ‑я, н., зб.

Разм. Нарывы, балячкі. Вуха скуллем залажыла. / Ужываецца як праклён. [Лявоніха:] — Прыйшла ты, сарока, выведаць, што ў хаце маёй робіцца — скулле даведаешся, не дачакаешся! Бядуля.

скуль, прысл.

Разм. Тое, што і адкуль. Калі поезд праехаў мост, селянін паімкнуўся быў ісці, але Павел Андрэевіч прывітаўся з ім і запытаў, скуль ён. Галавач. Скуль жа ў такога малога гэтулькі сталасці і спрыту? Бажко. Стары падняўся і, відаць, усё ж усхваляваны, падыбаў па паляну, скуль можна было бачыць пажар. Шчарбатаў.

ску́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скуліцца.

2. Зал. да скульваць.

ску́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скуліць.

ску́льптар, ‑а, м.

Мастак, які працуе ў галіне скульптуры.

[Лац. sculptor.]

ску́льптарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да скульптар.

ску́льптарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скульптара. Скульптарскі талент.

скульпту́ра, ‑ы, ж.

1. Від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і пад.) з гліны, каменя, металу і пад. Займацца скульптурай. □ Праца.. з’яўляецца вядучай тэмай савецкага выяўленчага мастацтва — жывапісу, графікі, скульптуры. «Беларусь». На аддзяленні скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект мемарыяла. «Помнікі».

2. Твор гэтага віду мастацтва. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігай. Максім Сцяпанавіч зноў захваляваўся. Карпаў. // зб. Сукупнасць такіх твораў. Беларуская скульптура.

[Лац. sculptura.]

скульпту́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скульптурнага (у 2 знач.). Скульптурнасць позы.

скульпту́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скульптуры (у 2 знач.); які з’яўляецца скульптурай. Скульптурны партрэт. □ Гэта не сквер, а сапраўдны парк з цяністымі алеямі, кветнікамі, скульптурнымі ўпрыгожаннямі, лавачкамі. Хадкевіч. // Які служыць для скульптурных работ. Скульптурны матэрыял.

2. перан. Які добра перадаецца ў скульптуры; рэльефны. Скульптурнае цела.