усёзна́йства, ‑а, н.
Разм. іран. Уласцівасць, манера паводзін чалавека, упэўненага ў тым. што ён усё ведае.
усёзнішча́льны, ‑ая, ‑ае.
Які знішчае, разбурае ўсё, прыводзіць да гібелі ўсё. Цяпер.. [Ірына] сама павінна ўдыхнуць у гэтыя няхітрыя рэчы страшэнную, усёзнішчальную сілу разбурэння. Лынькоў.
усёмагу́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць усёмагутнага. Усёмагутнасць розуму. Усёмагутнасць часу.
2. Бязмежнай улада, сіла. Усёмагутнасць чалавека.
усёмагу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае неабмежаваную сілу, уладу. Усёмагутны валадар.
2. Які мае неадольную ўнутраную сілу; глыбока ўплывовы. Усёмагутнае слова. Усёмагутная мода.
усёпаглына́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае ўсю істоту, выцясняючы ўсе іншыя пачуцці, думкі і пад. Калі ў ..сэрцы [Тані] і было пачуццё, падобнае на каханне, дык яно не было такім моцным, усёпаглынальным, якое перапаўняе істоту чалавека, засланяючы сабой усё іншае. Машара. Усёпаглынальная дабрата — вызначальная рыса натуры дзядзькі Антося. Навуменка.
усёпажыра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які знішчае ўсё на сваім шляху. Усёпажыральная саранча.
усёперамага́ючы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і усёпераможны. Усёперамагаючыя ідэі.
усёперамо́жны, ‑ая, ‑ае.
Які ўсё перамагае. Усёпераможнае вучэнне Маркса-Энгельса-Леніна.
усёпраніка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які здольны пранікнуць праз усе перашкоды.
усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.
1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.
2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.