усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.
1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.
2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)