скурадзёр, ‑а, м.
Разм. Тое, што і скуралуп. [Бабка:] — Скурадзёр, мая ўнучачка, гэта такі чалавек, які здзірае скуру з забітага каня ці каровы... Каліна.
скурае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Жук, шкоднік скуры, футраў.
скуралу́п, ‑а, м.
Разм.
1. Той, хто знімае скуры з забітых жывёл. [Сымон:] — Багачы кароў сваіх рэжуць, каб у калектывы не забіралі. І коней скуралупам прадаюць. Бядуля.
2. перан. Пагард. Бязлітасны, жорсткі чалавек. // Спекулянт, гандляр, які прагна нажываецца за кошт другіх.
скуралу́пня, ‑і, ж.
Разм. Месца, дзе забіваюць жывёлін, прызначаных на забой, і здзіраюць з іх скуру.
скурамі́т, ‑у, М ‑міце, м.
Штучная скура, якая ідзе на падэшвы. Унізе ж шаргатня, Падэшваў колькі: З насечкай гума, скураміт, капрон. Калачынскі.
[Калька з руск. кожемёт ад «имитация кожи».]
скурамі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены са скураміту. Фанеру эканомілі гэтак жа старанна, як Шлёма Майсеевіч, скажам, эканоміў скурамітавую падэшву. Нядзведскі.
скура́нік, ‑а, м.
Карослівы клешч, які паразітуе на скуры жывёл.
скурані́к, ‑а́, м.
Разм. Тое, што і дэрматолаг.
скура́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Скураная куртка. Гэта быў камлюкаваты, нават тоўсты, гадоў пад шэсцьдзесят стары ў кароткай скуранцы. Быкаў.
ску́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скурыць.
скураны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да вырабу скур і да рэчаў са скуры. Скураны завод. Скураная сыравіна. □ З краю гарадка, на беразе рэчкі, некалькі ўжо год існаваў скураны заводзік. Чорны.
2. Зроблены, пашыты са скуры (у 2 знач.). Скураны абутак. Скураная тужурка. □ З двара ў палату віхрам уляцеў высокі, шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. Заскрыпелі веснічкі і ўпусцілі кульгавага Пракопа з тоўстай скураной торбай цераз плячо. Васілевіч. // Абцягнуты, абабіты скурай. Мы паселі ў мяккія скураныя крэслы, што стаялі пры масіўным стале. Сабаленка.
скура́т, ‑а, М ‑раце, м.
Разм. Кавалак, абрэзак скуры. Падшыць валёнкі скуратом. □ Сплеценыя лапці Рыгор падшывае скуратом ад старога хамута, падлажыўшы пад яго сукенку для цеплыні. Пальчэўскі.
•••
Як скурат на агні (круціцца, выкручвацца) — даказваць сваю непрычыннасць, невінаватасць у якой‑н. справе, звычайна нядобрай, выгароджваць сябе.