апраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да аправіць.
апрацава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць апрацаванага.
апрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад апрацаваць.
2. у знач. прым. Атрыманы ў працэсе апрацоўкі. Зліткі шкла ператвараюцца ў апрацаваныя лінзы. «Маладосць».
апрацава́цца, ‑цуецца; зак.
Разм. Набыць неабходныя ўласцівасці ў працэсе апрацоўкі, ужывання.
апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.
2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.
3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.
4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.
апраці́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць агідным, невыносным для каго‑н. Яго гаспадар Сымон, Ракуцька здорава такі .. апрацівеў [Паліводскаму] сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе і вопратцы. Чорны. Усё.. [Нэлі] раптам апрацівела: і сённяшні вечар з нечаканай трывогай ад сустрэчы з Ласухам, падман маці, п’яны голас Сцяпана. Савіцкі.
апрацо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрацоўваць — апрацаваць.
апрацо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да апрацавацца.
2. Зал. да апрацоўваць.
апрацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апрацаваць.
апрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апрацаваць.
•••
Браць у апрацоўку гл. браць.