Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скрукаваць.

скрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Спец. Счапіць крукамі. Скрукаваць вагоны.

скруко́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да скрукоўваць.

скруко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скрукаваць.

скру́пул, ‑а, м.

Старая адзінка аптэкарскай вагі, роўная 20 гранам (1, 24 г).

[Лац. scrupulum.]

скрупулёзнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць скрупулёзнага. Скрупулёзнасць аналізу.

скрупулёзны, ‑ая, ‑ае.

Дакладны да дробязей. Скрупулёзны аналіз. □ Для доказу даціроўкі «Малой падарожнай кніжыцы» вучоны прарабіў вельмі скрупулёзную даследчыцкую работу. Ліс. // Які прытрымліваецца абсалютнай дакладнасці ў чым‑н. Скрупулёзны чалавек. □ Колас — скрупулёзны майстар, ён ніколі не траціць многа слоў на самыя, здавалася б, адказныя, важныя апісанні. Навуменка.

скрут,

У выразе: на скрут (злом) галавы — не думаючы, безразважна, неабачліва. [Куксёнак:] — Іншы раз цвярозы чалавек нізавошта не пойдзе на рызыку, а выпіўшы, ён табе на скрут галавы пойдзе. Сабаленка. Кінуцца вось так у кусты на скрут галавы і бегчы, .. куды глядзяць вочы, абы .. не ісці да таго невядомага і страшнага Шылахвоста. Сачанка.

скру́так, ‑тка, м.

1. Прадмет, згорнуты, скручаны трубкай; рулон. Скрутак сукна. Скрутак ватманскай паперы. □ [Цярэшка] паддаваў на плечы мяхі, насіў доўгія скруткі дываноў. Грахоўскі. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы. Адамчык. [Паходня] ўявіў Марынку ў яе пакоі, столік, завалены кнігамі, сшыткамі, скруткамі чарцяжоў. Хадкевіч. // Прадмет, звіты, скручаны колцам. Да хаты збочыла з шашы яшчэ адна грузавая машына са скруткамі калючага дроту. Хомчанка. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. Андрэй, узлёгшы на самую высокую яліну, увесь вечар паліў, начапіўшы на доўгую палку, скруткі бяросты. Скрыпка. // перан. Пра тое, што падобна на скрутак (скруткі). Дровы гарэлі кепска. Са шчылін .. выпаўзалі скруткі дыму. Савіцкі.

2. Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у паперу, тканіну і пад.; пакунак. Мама разгортвае скрутак і ўсё, што ў ім ёсць, раскладвае на паперы. Брыль. // Наогул скручаныя або звязаныя разам прадметы; клунак. На .. [муле] высока сядзіць на нейкіх скрутках і мяшках жанчына. В. Вольскі. З-пад .. [ложкаў] віднеліся дошкі, скруткі вопраткі. Карпюк.

скру́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скруціць (у 1, 2 знач.).