Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

страшы́дла, ‑а, н.

Разм.

1. Той, хто (або тое, што) мае страшны выгляд; страхоцце. З вады паказалася нейкае вусатае страшыдла, чорнае-чорнае. Юрэвіч. Сталёвае страшыдла развярнулася і, сеючы навокал сябе кулямёты агонь, рухалася па-над дарогай. М. Ткачоў. // Чучала, пудзіла. [Ліканор] павесіў рукі і стаяў нязграбна, як страшыдла, што курэй пужае з аўса. Бядуля.

2. перан. Той, хто (або тое, што) выклікае страх. Але ноч была ціхая. Думалася, што страшыдла вайны заснула недзе, стомлена прыпаўшы да зямлі. Сабаленка.

страшы́лішча, ‑а, н.

Разм. Тое, што і страшыдла. Бацька... Тату ля... Хто ён быў для Іванкі?.. Асілак, які падужае любое страшылішча і нікога слабога не пакрыўдзіць?.. Кірэенка. О, згінь, прападзі і ніколі-ніколі не прыходзь ты, страшылішча, на нашу зямлю! Сачанка.

страшы́цца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

Разм. Адчуваць страх, баяцца каго‑, чаго‑н. [Сабіна:] — Разведчыкам у нашых быў! Нічога не страшыўся... Ракітны. Вочы страшацца, а рукі зробяць. Прыказка.

стра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго.

Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., выклікаць страх у каго‑н. — О-ё-ёй! Дзедачы, не буду! — нарокам спужаўся Алесь, ведаючы, што Агей толькі страшыць. Крапіва. Саборы збуд[а]ваны хітра і з толкам: І ловяць, і страшаць, і глушаць цябе... Панчанка. Сціхлі грымоты сярдзітыя, Сэрца не страшыць іх водгулле. Трус.

страшэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі страшны; жудасны. [Людзі] былі напалоханы страшэнная стралянінаю. Мележ. На бледным, без крывінкі, твары [са] шчыльна сціснутымі вуснамі ляжаў адбітак страшэнных пакут. Васілевіч. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася па дождж... Чарот.

страяві́к, страевіка, м.

1. Ваеннаслужачы страявых часцей войска.

2. Знаток страявой справы.

страявы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да строю (у 1 знач.), звязаны з дзеяннямі войска ў страі. — Чаго ж вы ўрэшце хочаце? — недаўменна перапытваў .. [Соміка] Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў гэтым зборным лагеры. Лынькоў. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. [Гогаберыдзе] прайшоў па стр[аі], раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой. Мележ. // Характэрны для строю, такі, які бывае ў страі. На стадыёне ваеннага гарадка чулася бадзёрая страявая песня. Алешка. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. Бывала, байцы засумуюць, А я ад душы зацягну Вясёлую — эх! — страявую — І роту, як лес, скалыхну. Прыходзька.

2. Прызначаны для непасрэднага вядзення баявых дзеянняў (пра часці войска). Яны часта на конях або на матацыкле з каляскай, які выдатна вадзіў палітрук, выязджалі ў страявыя часці дывізіі, і Міхась на практыцы вучыўся авалодваць справай, якая яго чакала. Машара. // Які служыць у такіх часцях, абслугоўвае такія часці. [Саўчанку] суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Лупсякоў.

•••

Страявы крок гл. крок (у 2 знач.).

страявы́ 2, ‑ая, ‑ое.

1. Высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва (пра дрэвы). Страявы лес.

2. Які ідзе на пабудовы (пра будаўнічы матэрыял). Страявы матэрыял.

•••

Страявы лес гл. лес.

стро́гасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць строгага. Строгасць настаўніка. Строгасць закона. Строгасць ліній. □ І дабрата, і строгасць рыс, І косы, спушчаны ўніз, Што з плеч на грудзі віснуць зграбна, І стужка сіняя ядвабна, І твару ветлага абрыс. Колас.

2. Строгія адносіны да каго‑, чаго‑н., строгае абыходжанне з кім‑н. Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека .. чулася начальніцкая строгасць. Колас. // Строгі выраз (у позірку і пад.). І не тая яна: гэтая строгасць у позірку [Доні], гэтая беглая стоеная ўсмешка на пахудзелым твары — усё незнаёмае, чужое. Вышынскі.

3. толькі мн. (стро́гасці, ‑ей). Разм. Строгія парадкі, строгія меры. Паліцэйскія строгасці супроць ліберальнага друку ўзмацняюцца не днямі, а гадзінамі. Ленін.

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

стро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад строіць ​2.

•••

Строеная язда гл. язда.