страявы́ 1, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да строю (у 1 знач.), звязаны з дзеяннямі войска ў страі. — Чаго ж вы ўрэшце хочаце? — недаўменна перапытваў .. [Соміка] Камар, якому часова даручана была страявая падрыхтоўка ў гэтым зборным лагеры. Лынькоў. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. [Гогаберыдзе] прайшоў па стр[аі], раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой. Мележ. // Характэрны для строю, такі, які бывае ў страі. На стадыёне ваеннага гарадка чулася бадзёрая страявая песня. Алешка. / у знач. наз. страява́я, ‑ой, ж. Бывала, байцы засумуюць, А я ад душы зацягну Вясёлую — эх! — страявую — І роту, як лес, скалыхну. Прыходзька.
2. Прызначаны для непасрэднага вядзення баявых дзеянняў (пра часці войска). Яны часта на конях або на матацыкле з каляскай, які выдатна вадзіў палітрук, выязджалі ў страявыя часці дывізіі, і Міхась на практыцы вучыўся авалодваць справай, якая яго чакала. Машара. // Які служыць у такіх часцях, абслугоўвае такія часці. [Саўчанку] суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Лупсякоў.
•••
Страявы крок гл. крок (у 2 знач.).
страявы́ 2, ‑ая, ‑ое.
1. Высокі і роўны, прыгодны для будаўніцтва (пра дрэвы). Страявы лес.
2. Які ідзе на пабудовы (пра будаўнічы матэрыял). Страявы матэрыял.
•••
Страявы лес гл. лес.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)