Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фантазі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Аддавацца фантазіі; марыць. — Як скончыш акадэмію, дык добра нам будзе, — фантазіраваў Косцік. — Калі б нас паслалі ў які раённы зямельны аддзел — мяне за старшага агранома, а цябе за галоўнага заатэхніка. Сабаленка. — Веранду мы зашклім рознакаляровымі шыбамі, — сказаў.. [Максім Сцяпанавіч] і пачаў фантазіраваць, што яшчэ зробіць на дачы. Карпаў. // Выдумляць што‑н. непраўдападобнае. Мы многа фантазіравалі, спрабуючы скласці абгрунтаваную гіпотэзу існавання жыцця на Плутоне. Шыцік.

2. Імправізаваць, іграючы на музычным інструменце.

фанта́зія, ‑і, ж.

1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.

2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.

3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.

4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».

5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.

[Грэч. phantasia — уяўленне.]

фанта́н, ‑а, м.

1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.

2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.

3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.

[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]

фантанава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фантанаваць.

фантанава́ць, ‑нуе; незак.

Спец.

1. Выбівацца на паверхню чаго‑н. у выглядзе фантана (у 1 знач.).

2. Мець здольнасць узнімаць, выкідваць на паверхню якую‑н. вадкасць у выглядзе фантана. Свідравіна фантануе.

фанта́навы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і фантанны.

фанта́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фантана (у 1, 3 знач.).

2. Спец. Які існуе ці здабываецца ў выглядзе фантана (у 1 знач.). Фантанная нафта.

фантасмагары́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да фантасмагорыі; які з’яўляецца фантасмагорыяй. Народныя паданні паўстаюць з-пад пяра пісьменніка ў сваім чыстым выглядзе, без фантасмагарычных напластаванняў. Майхровіч.

фантасмаго́рыя, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Прывіды, вычварныя малюнкі, што бачацца чалавеку ў хваравітым стане. // Нешта нерэальнае, што існуе толькі ў марах, ва ўяўленні.

2. Фантастычныя карціны, фігуры, якія атрымліваюцца з дапамогай розных аптычных прыстасаванняў.

[Ад грэч. phantasma — прывід, здань і agoreuō — гавару.]

фанта́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Чалавек з багата развітай фантазіяй. Ці ж можна сумнявацца ў тым, што хутка чалавек стане гаспадаром космасу, ажыццявіць самыя смелыя мары фантастаў усіх вякоў і народаў. «Звязда».

2. Фантазёр, летуценнік, які імкнецца здзейсніць фантастычныя мары, задумы. Гэта не сон летуценны, Не казка, Гэта не мроя старога фантаста. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль.

3. Пісьменнік, які выкарыстоўвае фантастычныя сюжэты. Пачакайце! Ды гэта ж .. кабіна «машыны часу», .. якая з лёгкай рукі Герберта Уэлса падарожнічае па старонках кніг многіх пісьменнікаў-фантастаў. Чаркасаў.