фана... (гл. фона...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «фона...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: фаналогія, фанаграфія.
фанабэ́рлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць фанабэрлівага.
фанабэ́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і фанабэрысты. Шырока і ўсебакова вядзецца крытыка фанабэрлівай дробнай шляхты ў «Паўлінцы». Ярош. Гледачы спачувалі прывабнай Паўлінцы, ад душы смяяліся з фанабэрлівай пыхі Быкоўскага. Рамановіч.
фанабэ́рыстасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць фанабэрыстага. Сандэрс збянтэжыўся, куды дзелася яго фанабэрыстасць, ён яшчэ больш згорбіўся. Гурскі.
фанабэ́рысты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць фанабэрыцца; схільны да фанабэрыі, з фанабэрыяй. Ліхі і фанабэрысты, як кожны шляхціц, пан Мазурскі вызначаўся асаблівай лютасцю сярод іншых паноў усяго ваяводства. Якімовіч. Багаты і фанабэрысты быў .. бацька [Андрэя],.. любіў паздзекавацца з беднага люду. Ваданосаў. [Цішка Гартны] не любіў фанабэрыстых людзей і, калі заўважаў гэтую прыкрую хваробу, імкнуўся жорстка высмеяць яе пры першай сустрэчы з чалавекам. Хведаровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Фанабэрыстая натура. □ І як гэта ў Зіначкі з яе мілым, зусім дзявочым тварыкам хапіла тактоўнасці не заўважаць маю фанабэрыстую перавагу. Савіцкі.
фанабэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм. Трымацца з фанабэрыяй; задавацца. — Ды ты ж [Віктар] сам вінаваты, — агрызнуўся Мірон. — Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай? Маўр. — Хопіць вам, — умяшалася маці Рыгоркі. — Ты, сынок, не пярэч бацьку. Калі голад за спінай стаіць, фанабэрыцца няма чаго. Курто. [Высеўка] ж, як вып’е чарку ў суседзяў на радзінах ці на вяселлі чужым, таксама фанабэрыцца: — Пражыву! Бялевіч.
фанабэ́рыя, ‑і, ж.
Разм. Пыхлівасць, зазнайства, ганарыстасць. Я недалюбліваў гэтага чалавека за яго індычую надзьмутасць, за чэрствасць і незразумелую фанабэрыю. Сабаленка. Фанабэрыі хоць адбаўляй, а розуму не грэх было б і пазычыць. Прокша.
•••
Сагнаць фанабэрыю гл. сагнаць.
[Польск. fanaberia.]
фа́навы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для выдалення нечыстот і бруднай вады. Фанавыя трубы. Фанавая помпа.
[Ад фр. fange — бруд.]
фанагра́ма, ‑ы, ж.
Спец. Тэкст або гукі, запісаныя пры дапамозе фанографа на плёнцы, пласцінцы і пад.; плёнка, пласцінка і пад. з такім запісам.
[Ад грэч. phōnē — гук і gramma — запіс.]
фанагра́мны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які з’яўляецца фанаграмай.